Звальненні ў Музеі-майстэрні Заіра Азгура, змяняюць у тым ліку дырэктара
З 1 лютага 2023 года Аксана Багданава больш не будзе займаць пасаду дырэктаркі мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура. Разам з ёй з музея таксама вымушаныя сысці пяць спецыялістаў — гэта 60% навуковага і творчага складу, паведамляе Reform.by.
25.01.2023 / 10:22
Фото: MASTACTVA Magazine
Сёння ў асабістых сацсетках дырэктарка падзякавала публіцы за ўвагу да музея. «Сябры, гэтая каманда Музея Заіра Азгура развітваецца з вамі. Дзякуй, што былі», — напісала яна.
З Багданавай «сыходзіць» асноўны касцяк творчых і навуковых супрацоўнікаў — спецыялісты вымушаныя сысці з-за рэпрэсій у адрас калектыву музея. На гэты момант дакладна вядома аб звальненні з 1 лютага старшых навуковых супрацоўнікаў майстэрні, крытыкаў, куратараў Уладзіміра Парфянка і Мікалая Паграноўскага.
Улады заняліся ўстановай у пачатку гэтага года. Як пісаў Reform.by раней па інфармацыі з уласных крыніц, кіраўніцтву курыруючых музей ведамстваў не спадабаліся «дэструктыўна настроеныя» творчыя работнікі, з удзелам якіх у майстэрні праводзіліся мерапрыемствы. Каб спыніць вольнасці, Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам запланавалі кантроль над установай, а пасля яго далучэнне да Музея гісторыі горада Мінска. Іншымі словамі, няма самастойнага музея — няма і праблемы.
Кантроль пачаўся са звальненняў «па ўласным жаданні».
Аксана Багданава была дырэктаркай Музея-майстэрні Заіра Азгура 19 гадоў. Пад яе кіраўніцтвам установа адбылася не толькі як мемарыяльная майстэрня вядомага беларускага савецкага скульптара, але і як сучасны культурны і арт-цэнтр. Тут праводзіліся выставы, канцэрты, фестывалі, майстар-класы, мерапрыемствы лакальнага і міжнароднага ўзроўню, некаторыя з якіх станавіліся брэндам горада.