Зяленскі павіншаваў са 160-годдзем паўстання 1863 года, не згадаўшы Беларусь і беларусаў
Віншаванне ад прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага зачытаў пасол Украіны ў Польшчы падчас урачыстасцяў, якія сёння адбыліся ў Варшаве.
23.01.2023 / 23:33
У сваім віншавальным лісце Зяленскі заявіў пра народы, якія аб'ядналіся 160 гадоў таму супраць расійскага імперыялізму, але не згадаў сярод іх беларусаў.
«160 гадоў таму нашы народы аб'ядналі свае сілы, устаўшы плячом да пляча супраць расійскага імперыялізму. Студзеньскае паўстанне паскорыла нацыянальнае адраджэнне і вызваленчы рух на тэрыторыі сучаснай Украіны, Польшчы і Літвы», — напісаў прэзідэнт Украіны.
Не было ў Зяленскага згадак пра Беларусь і беларусаў у апісанні сучаснага моманту.
«Дакладна гэтак жа сама сёння аб'ядналіся Украіна, Польшча і Літва, выступаючы супраць злачыннай расійскай агрэсіі, якая, напаўшы на Украіну, кінула выклік бяспецы ўсёй Еўропы і свету», — напісаў Зяленскі.
У той жа час прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што верыць, што свабода і воля да самавызначэння возьмуць верх і ў Беларусі.
На мерапрыемстве таксама прысутнічаў і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Пасля ўрачыстай часткі Дуда і Наўседа сустрэліся са Святланай Ціханоўскай.