У Мінску прадаюць два прататыпы Ё-мабіляў. Колькі просяць за аўто, якія могуць перасоўвацца толькі на эвакуатары
У продажы ў Мінску заўважаныя два прататыпы Ё-мабіля.
23.01.2023 / 19:24
Фота: av.by
На пачатку 2010 года расійскія распрацоўшчыкі збіраліся наладзіць серыйны выпуск гібрыдных і электрычных аўтамабіляў уласнай распрацоўкі і вытворчасці. Амаль адразу да праекта далучыліся беларусы. У серыйную вытворчасць аўтамабілі спачатку планавалі запусціць у 2012 годзе, пазней дату перанеслі на 2015 год. Але да серыйнага выпуску так і не дайшло. У 2014 годзе праект закрыўся.
Пасля гэтага нікому не патрэбныя прататыпы прывезлі ў Беларусь.
Два з іх цяпер у продажы. У Мінску выстаўлены трохдзвернае Ё-крос-купэ і Ё-фургон.
Абодва аўтамабілі няспраўныя. У іх адсутнічаюць рухавікі і элементы салона. Перасоўвацца Ё-мабілі могуць толькі на эвакуатары.
Фота: скрыншот з сайта av.by
Прадавец адзначае, што эксклюзіўныя прататыпы — калекцыйныя экзэмпляры.
«Ідэальны для брэндавання шоукар, рэклама аўтабрэнда і г.д.», — пазначана ў апісанні.
Кожны з Ё-мабілей ацэнены ў 17 тысяч даляраў.
Фота: скрыншот з сайта av.by
Папярэдні раз Ё-мабілі выстаўлялі на продаж у 2018 годзе, тады ў Мінску прапанавалі адразу 6 аўто. Прадавец удакладняў, што аўтамабілі знаходзяцца ў «розным стане», ад чаго і будзе залежаць выніковая цана. Папярэдне яны былі ацэненыя ў 79 000 даляраў.