Літоўская мытня ўзмацняе кантроль: з Беларусі масава вязуць украінскія грыўні

Па даных мытнай службы Літвы, трэці месяц назіраецца тэндэнцыя, калі ў краіну пастаянна вязуць вялікія сумы ва ўкраінскіх грыўнях. Грошы, як правіла, перавозяцца не грамадзянамі Украіны, часта групамі асоб, якія, магчыма, раздаюць грыўні пры ўездзе, каб не перавысіць суму, якая не патрабуе дэкларавання, піша Delfi.

23.01.2023 / 10:35

Фота: Еўрапейская праўда

У мытнікаў маюцца падазрэнні, што такім чынам грошы, захопленыя падчас вайны ва Украіне, могуць паспрабаваць рэалізаваць нелегальна. Менавіта таму літоўскія мытнікі ў мінулым годзе ўзмацнілі кантроль за абаротам наяўных сродкаў на мяжы з Беларуссю: у выпадку сумневаў у законнасці іх правозу грыўні затрымліваюць для высвятлення паходжання. У асобных выпадках па падазрэнні ў кантрабандзе таксама праводзяцца дасудовыя расследаванні.

За два з паловай месяцы мытнікі такім чынам затрымалі ўжо каля 44 мільёнаў грыўняў (каля 1,1 млн еўра).

У прыватнасці, 13 студзеня на адным з літоўскіх КПП мытнікі праверылі аўтобус, які заехаў з Беларусі, і канфіскавалі ў 18 чалавек 5,13 млн грыўняў.

Амаль усе пасажыры, якія перавозілі грошы, былі грамадзянамі Беларусі, якія, мяркуючы па ўсім, не мелі ніякага дачынення да Украіны і давалі розныя тлумачэнні, адкуль у іх грыўні.

Nashaniva.com