Італія паставіць Украіне зенітны комплекс, здольны збіваць балістычныя ракеты. Расказваем пра яго
Перадача італа-французскай сістэмы СПА SAMP/T можа здарыцца праз месяц, у шостым пакеце вайсковай дапамогі. Галоўная асаблівасць гэтай вельмі эфектыўнай сістэмы — здольнасць збіваць балістычныя ракеты.
22.01.2023 / 22:03
Фота: wikimedia.org
Паводле інфармацыі часопіса La Repubblica, на наступным тыдні Італія прыме шосты пакет вайсковай дапамогі для Украіны. Першапачаткова ў яго павінны былі ўваходзіць больш танныя і простыя ЗРК Aspide, аднак у гэты момант у яго пагадзіліся дадаць сістэмы SAMP/T.
Міністр замежных спраў Італіі Антоніа Таяні ў інтэрв'ю Corriere della Sera заявіў, што перамовы па гэтым пытанні вядуцца з Францыяй. Пра тэрміны перадачы комплексу пакуль не гаворыцца.
«Рыхтуецца шосты пакет, які ўключае сістэмы СПА. Міністр Кулеба падзякаваў за аказаную падтрымку, а я паўтарыў, што яна будзе працягвацца. У супрацоўніцтве з Францыяй мы завяршаем адпраўку SAMP/T. Акрамя гэтага, ёсць іншыя планы, над якімі мы працуем канфідэнцыйна», — сказаў міністр.
Таяні таксама нагадаў, што Італія ўжо перадала Украіне пяць пакетаў вайсковай дапамогі на суму каля 1 млрд еўра.
SAMP/T — гэта супольная распрацоўка Італіі і Францыі, якая можа выкарыстоўвацца для абароны ад беспілотнікаў, крылатых і балістычных ракет малой далёкасці да 600 км, а таксама ад знішчальнікаў. Раней на перадачы такой сістэмы Украіне настойвалі ЗША.
Самалёты яна можа збіваць на адлегласцях да 200 км, а балістычныя ракеты — да 15 км.