Міністры краін Балтыі заклікалі Нямеччыну неадкладна перадаць Украіне танкі Leopard 2
Адпаведныя паведамленні кіраўнікі МЗС краін Балтыі апублікавалі ў твітары.
21.01.2023 / 15:14
Фота: AP Photo/Michael Sohn
Перадача Украіне сучасных танкаў, лічаць міністры замежных спраў, неабходна для таго, каб спыніць расійскую агрэсію і аднавіць мір у Еўропе. Нямеччына, як вядучая еўрапейская дзяржава, нясе за гэта асаблівую адказнасць, падкрэсліваецца ў звароце.
Шэраг краін, у якіх ёсць танкі Leopard 2, гатовы перадаць іх Украіне, але для гэтага неабходны дазвол Нямеччыны, якая вырабляе такую бранятэхніку.
20 студзеня ўдзельнікі сустрэчы прадстаўнікоў краін-саюзніц Украіны на авіябазе Рамштайн не змаглі дамовіцца аб пастаўцы Кіеву танкаў Leopard 2. Як заявіў кіраўнік Мінабароны ФРГ Борыс Пісторыус, у саюзнікаў пакуль «няма адзінага меркавання» з нагоды паставак.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што гэта не Нямеччына перашкаджае таму, каб перадаць Украіне Leopard 2.