Венгрыя спрабуе зноў заблакаваць транш дапамогі Еўрасаюза Украіне
Пра чарговую асаблівую пазіцыю Венгрыі паведаміла польскае выданне RMF FM са спасылкай на высокапастаўленага еўрапейскага дыпламата.
19.01.2023 / 21:54
Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан
Паводле сведчання крыніцы, Еўрапейскі фонд міру (EPF) павінен быў выдзеліць на падтрымку Украіны каля паўмільярда еўра, але не змог гэта зрабіць з-за блакавання з боку Венгрыі.
У панядзелак адбудзецца сустрэча міністраў замежных спраў краін ЕС, на якой яны могуць аказаць ціск на Будапешт, адзначае RMF. Вета Венгрыі, маўляў, абурае еўрапейскіх дыпламатаў, бо яно спрыяе Расіі і не грунтуецца на нейкіх аб'ектыўных падставах.
Пры гэтым у Еўрасаюза ёсць запасны план абыходу вета, як гэта было ў выпадку, калі Венгрыя заблакавала 18 млрд еўра макрафінансавай дапамогі Украіне ў пачатку снежня. Тады ЕС хацеў нават прыняць прававы акт, які дазволіў бы накіраваць дапамогу ў абыход Венгрыі. У выніку краіна саступіла, і пакет дапамогі быў прыняты.
Такой невялікай дзяржаве, як Венгрыя, адной цяжка дыктаваць пазіцыю ўсяму ЕС, адзначыў дыпламат.