«Нічога не паўтараецца аднолькава, немагчыма проста вярнуць мінулае». Выйшла трэцяя частка беларускамоўных «Хронік Нарніі»
Выйшаў па-беларуску раман «Прынц Каспіян» Клайва Стэйплза Льюіса. Гэта доўгачаканая трэцяя частка знакамітых «Хронік Нарніі» пасля «Пляменніка чараўніка» і «Льва, вядзьмаркі і гардэроба», якія выйшлі па-беларуску раней. Новае выданне прэзентаваў у фэйсбуку перакладчык Андрэй Строцаў.
19.01.2023 / 21:44
У мяне акрамя Вадохрышча зараз яшчэ адно свята — я не самотны і кнігу маю. Нарэшце выйшаў «Прынц Каспіян» Клайва Стэйплза Льюіса ў маім беларускім перакладзе. Гэта доўгачаканая трэцяя частка беларускамоўных «Хронік Нарніі» пасля «Пляменніка чараўніка» і «Льва, вядзьмаркі і гардэроба». Паводле парадку першай публікацыі ў 1951-м гэта была другая кніга «Хронік». Менавіта яна з асобнай казкі ператварыла іх у сусветна вядомую серыю.
«Прынц Каспіян» распавядае пра вяртанне дадому, пра вызваленне і аднаўленне Нарніі. Кніга даволі заўважна адрозніваецца ад першай — «Льва, вядзьмаркі і гардэроба». Тут паўстаюць новыя пытанні.
Міфалагічна-казачны свет канфліктуе з чалавечым, легенда сутыкаецца з гістарычным рэалізмам і палітычным цынізмам. Але высвятляецца, што і чароўны свет далёка не беззаганны. Адна з тэм кнігі — нічога не паўтараецца аднолькава, немагчыма проста вярнуць мінулае.
Напрыканцы гісторыі паўстае зусім новы лад, які мала хто з герояў здольны ўявіць сам. Але варта быць гатовымі да нечаканасцяў і здзіўлення.
Сам пераклад я зрабіў ужо досыць даўно — у 2018 годзе. Гэта быў першы досвед перакладу вялікага мастацкага тэксту — няпросты, але захапляльны. Гэта было тым больш радасна, што «Хронікі Нарніі» — адна з самых першых гісторый у маім жыцці, што займае асаблівае месца ў маім сэрцы.
Нядаўна, атрымаўшы сігнальны асобнік кнігі, я прачытаў яе за адзін дзень — і гэта было вельмі незвычайнае адчуванне.
З аднаго боку, я паспеў забыць асобныя дэталі сюжэта і парадак падзеяў. З іншага боку, я пазнаваў кожны сказ, бо ў пэўным сэнсе сам яго і напісаў. З той пары не раз даводзілася перакладаць розныя тэксты, але не мастацкія, і я спадзяюся аднойчы да гэтага вярнуцца.
Хачу асобна падзякаваць Аляксею Шэіну, які прапанаваў мне заняцца гэтым перакладам. Віншую з новай кнігай усю каманду рэдактараў і выдаўцоў, а таксама ілюстратараў Ладу Цішкову і Рамана Сустава, дзякуючы якім кніга яшчэ і вельмі прыгожая. І, вядома, віншую ўсіх будучых чытачоў!
Купіць «Прынца Каспіяна» ўжо можна ў мінскай «Акадэмкнізе», а хутка яна будзе і ў іншых крамах, у тым ліку анлайн. Уся інфармацыя мусіць быць у інстаграме «Кніжны рысь».