Дар'і Лосік далі два гады калоніі 

У Брэсцкім абласным судзе 19 студзеня суддзя Мікалай Грыгаровіч агучыў прысуд Дар‘і Лосік: два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта столькі і запрашвала пракурорка Кацярына Пакала.

19.01.2023 / 12:33

Сёння быў вынесены прысуд Дар'і Лосік. Ёй далі два гады калоніі за садзейнічанне экстрэмісцкаму фармаванню.

«Калі мяне хацелі пакараць, я прыму гэта з гонарам. Але разам са мной пакаралі маю сям'ю, у тым ліку маю малую дачку», — сказала Дар'я Лосік у судзе.

Дар'ю Лосік — жонку асуджанага на 15 гадоў блогера Ігара Лосіка — затрымалі 18 кастрычніка.

Як паведамлялася, падставай для крымінальнага пераследу стала інтэрв'ю, якое абвінавачаная дала ў красавіку тэлеканалу «Белсат», што прызнаны беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Паводле версіі пракуратуры, у размове з журналістам Дар'я «пазіцыянавала сябе як жонку палітвязня» і «дала асабістую негатыўную ацэнку дзяржаўным органам, у кампетэнцыю якіх уваходзіць ажыццяўленне крымінальнага пераследу і выкананне правасуддзя».

У Ігара і Дар'і Лосікаў ёсць чатырохгадовая дачка Паўліна, над якой цяпер апякуюцца бабулі і дзядулі.

Nashaniva.com