Урад Літвы дэнансаваў пагадненне з Беларуссю аб памежным супрацоўніцтве
На пасяджэнні 18 студзеня ўрад Літвы прыняў рашэнне дэнансаваць падпісанае 16 гадоў таму пагадненне з Беларуссю аб прынцыпах прыгранічнага супрацоўніцтва. Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў Літвы.
18.01.2023 / 17:13
Падчас пасяджэння літоўскага ўрада. Фота: vrm.lrv.lt
«Рэалізацыя двухбаковага міжурадавага пагаднення з Беларуссю немагчымая ў цяперашняй геапалітычнай сітуацыі і не будзе магчымая ў найбліжэйшы час», — заявіла міністарка ўнутраных спраў Агнэ Білатайце.
Пастанова прынятая з улікам палітычнай сітуацыі ў Беларусі з 2020 года, выкарыстання рэжымам Лукашэнкі мігрантаў супраць краін ЕС і саўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны, растлумачылі ў МУС.
Пагадненне аб памежным супрацоўніцтве было падпісана ў Вільні 1 чэрвеня 2006 года. Дэ-факта яно перастала дзейнічаць яшчэ раней за афіцыйнае скасаванне. Яшчэ ў кастрычніку 2020 года Літва прыпыніла фінансаванне бягучых праектаў у рамках трансгранічнага супрацоўніцтва з Беларуссю, а пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны па распараджэнні МУС было спынена ўсё супрацоўніцтва з беларускімі дзяржструктурамі.
Пасля пачатку вайны ва Украіне краіны-суседкі дэнансавалі цэлы шэраг міждзяржаўных дамоў з Беларуссю.