У Калодзішчах зграя бадзяжных сабак загрызла казулю

17 студзеня жыхары Калодзішчаў пад Мінскам сталі сведкамі таго, як адна са зграй бадзяжных сабак, якіх цяпер там развялося нямала, загрызла казулю, паведамляе мясцовае выданне «Калодзішчы. Інфа».

17.01.2023 / 23:06

Фота: Калодзішчы-Інфа

Жыхары аднаго з раёнаў Калодзішчаў паведамілі ў рэдакцыю выдання, што праз дарогу ад жылой забудовы зграя сабак у скрываўленым снезе раздзірае тушу невядомай жывёліны. Са слоў жыхаркі, якая апублікавала відэа, сабакі паводзілі сябе вельмі агрэсіўна:

«Цяпер у 10:00 на Будаўнікоў паміж Дружнай і Панасюка такая вось карціна. Выйшлі з двара — і тут жа пачалі брахаць сабакі, прыйшлося дзіця на машыне везці ў сад, звычайна пешшу, бо сад побач. Небяспечна! Шэсць бадзяжных сабак. Шкада, адлову няма сёння, а нядаўна сабакі загрызлі суседскую кошку», — напісала яна.

Фота: Калодзішчы-Інфа

Пазней яна даслала яшчэ адно відэа, знятае ўжо ў 11:50. Сабакі ўсё яшчэ раздзіралі тое, што засталося ад жывёлы. Са здымка, дасланага яшчэ адным чытачом, стала зразумела, што сабакі дзялілі казулю.

Жыхары Калодзішчаў ужо некалькі разоў падымалі перад уладамі праблему бадзяжных жывёл. У мінулую суботу намеснік старшыні Мінаблвыканкама Аляксандр Кручанаў даручыў Мінскаму райвыканкаму арганізаваць мерапрыемствы па адлове.

З пачатку гэтага года ў Калодзішчы ўжо двойчы выязджала брыгада па адлове бяздомных жывёл, аднак пакуль атрымалася адлавіць усяго пяць сабак.

Nashaniva.com