Расію і Беларусь выключылі са спіса вяшчальнікаў на чатыры найбліжэйшыя Алімпіяды

Міжнародны алімпійскі камітэт перадаў эксклюзіўныя медыяправы на Алімпійскія гульні 2026-2032 гадоў у Еўропе Еўрапейскаму вяшчальнаму саюзу (EBU) і Warner Bros. Discovery, паведамляецца ў прэс-рэлізе МАК. У спісе на вяшчанне — 49 краін і тэрыторый, уключаючы Ватыкан, аднак Беларусі і Расіі ў ім няма.

16.01.2023 / 22:26

Сумесная заяўка EBU і Warner Bros. Discovery на набыццё ўсіх медыяправоў на 49 тэрыторыях Еўропы для найбліжэйшых алімпіяд перамагла ў тэндары, абвешчаным МАК.

Гаворка ідзе пра трансляцыі спаборніцтваў зімовай Алімпіяды-2026 у Мілане, Алімпіяды-2028 у Лос-Анджэлесе, зімовай Алімпіяды-2030, Алімпіяды-2032 у Брысбене, а таксама ўсіх Юнацкіх Алімпійскіх гульняў у перыяд 2026-2032 гадоў.

Пачынаючы з 2026 года, EBU будзе валодаць правамі на бясплатнае вяшчанне на тэлебачанні і лічбавых платформах. Кожны член EBU будзе трансляваць больш за 200 гадзін летніх Алімпійскіх гульняў і не менш за 100 гадзін зімовых Алімпійскіх гульняў па тэлебачанні, з шырокім спектрам радыётрансляцый, жывых трансляцый і рэпартажаў праз інтэрнэт, мабільныя праграмы і платформы сацыяльных сетак.

Беларусь у Еўрапейскім вяшчальным саюзе раней прадстаўляла Белтэлерадыёкампанія, аднак у канцы мая 2021 года выканаўчы савет EBU прыняў рашэнне аб прыпыненні яе членства. 

Nashaniva.com