Імпартазамяшчэнне: на Гомельскай кандытарскай фабрыцы пачнуць выпускаць аналаг швейцарскага шакаладу

На Гомельскай кандытарскай фабрыцы ідзе ўстаноўка новай вытворчай лініі, на якой будуць выпускаць аналаг швейцарскага шакаладу, які сышоў з рынку, пішуць «Моцныя навіны».

16.01.2023 / 13:06

Фота ілюстрацыйнае

На прадпрыемстве расказалі, што рэцэптура ўжо распрацавана і зацверджана. Ужо рыхтуецца да вытворчасці шакалад горкі з апельсінам. Таўшчыня пліткі будзе не больш 5 мм.

«Далей мы працуем над лінейкай горкіх шакаладаў з розным утрыманнем какава-прадуктаў. Ад максімальнага — 99 % — да нашага класічнага, 56-працэнтнага шакалада. Таксама будзе лінейка малочных шакаладаў з розным утрыманнем какава-прадуктаў», — распавяла ў эфіры дзяржТБ намеснік гендырэктара па вытворчасці Вольга Наважонцава.

Новую лінію плануюць запусціць гэтай вясной. Яе прадукцыйнасць — 1,5 тоны ў гадзіну. Кошт інвестпраекта — 13 мільёнаў рублёў.

А вось у Нароўлі на фабрыцы «Чырвоны мазыранін» за кошт сродкаў Чарнобыльскага фонду плануюць рэканструяваць ірысны ўчастак. За кошт гэтага аб'ём вытворчасці прысмаку павялічыцца ў 5 разоў да 80 тон у месяц. Увод новай лініі дасць магчымасць стварыць 15 новых працоўных месцаў.

Nashaniva.com