Арастовіч патлумачыў сваю заяву пра тое, што ракету ў Дняпры збіла СПА
Учора дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч у жывым эфіры памылкова заявіў, што ракету, якая ўпала на шматпавярховік у Дняпры, збіла ўкраінская СПА. Ён патлумачыў, чаму так сказаў.
15.01.2023 / 15:54
Скрын з эфіру «Фейгін LIVE»
«Народ, я проста стаміўся, — піша ў тэлеграме Арастовіч. — 320 дзён прамых вечаровых эфіраў, калі не лічыць астатняй працы, пастаяннае недасыпанне, пастаянны інфармацыйны перагруз, камандзіроўкі. Мільёны кантактаў у дзень і ўсё са «звыштэрміновай і звышважнай» інфармацыяй.
Па семдзесят паведамленняў у дзесяць хвілін. З такой жа.
Дапамажы тым, выратуй тых, выслухай таго, умяшайся там.
Мне ў ходзе саміх эфіраў дасылаюць людзі, адзін надзейнейшы за іншага (вайскоўцы), мноства паведамленняў у развіццё тэмы — і як правіла, супярэчаць адзін аднаму.
І я ўсё гэта павінен улічваць — у спалучэнні і ва ўзаемадзеянні, шукаць ісціну».
Палітык расказаў, адкуль узялася версія, што ракету збілі СПА.
«Мой таварыш, былы СПАшнік, ішоў па вуліцы ў момант трапляння. Ён мне сказаў, што на 100% чуў два выбухі і апазнаў першы як працу СПА.
Да гэтага часу ён не памыляўся. І быў упэўнены, што ракету збілі», — патлумачыў Арастовіч і дадаў, што варта было інакш сфармуляваць сваю думку.
Нагадаем, пазней гэтую версію абверг камандуючы Паветранымі сіламі УСУ. А мэр Дняпра Барыс Філатаў заклікаў СБУ і контрразведку адрэагаваць на словы Арастовіча пра ракету.