Беларусы ў Літве, у якіх скончыўся пашпарт, змогуць атрымаць іншы дакумент
Гэта пытанне абмяркоўвалася на сустрэчы прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Валера Кавалеўскага і дырэктара Дэпартамента міграцыі МУС Літвы Эвеліны Гудзінскайце.
14.01.2023 / 12:41
Падчас сустрэчы Валер Кавалеўскі і Эвеліна Гудзінскайце разам з іншымі прадстаўніцамі дэпартамента абмеркавалі працэдуру выдачы дакументаў грамадзянам Беларусі, якія цяпер знаходзяцца ў Літве і па аб'ектыўных прычынах не могуць памяняць пашпарты, што сталі несапраўднымі праз сканчэнне тэрміну дзеяння або праз страту.
Пасля канчатковай дапрацоўкі працэдуры Аб'яднаны пераходны кабінет апублікуе інфармацыю аб умовах і спосабах атрымання такога дакумента.
Таксама на сустрэчы былі абмеркаваныя іншыя праблемныя пытанні, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Літве, іншых краінах ЕС і ва Украіне. Для іх вырашэння бакі дамовіліся пра шэраг рэгулярных сустрэч, паведамляе Аб'яднаны пераходны кабінет.