У Мінску затрымалі высокапастаўленага следчага. Ён быў начальнікам следчай групы па справе Tut.by
У Мінску затрымалі начальніка ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у фінансава-крэдытнай сферы цэнтральнага апарата Следчага камітэта Беларусі Дзмітрыя Далінніка. Пра гэта паведамілі «Люстэрку» дзве крыніцы.
12.01.2023 / 13:25
Па інфармацыі адной з крыніц, затрыманне адбылося яшчэ ў лістападзе мінулага года. Затрымалі высокапастаўленага следчага за хабар — называлася сума ў 500 тысяч даляраў. Крыніца таксама паведаміла, што акрамя Далінніка былі затрыманыя некалькі службовых асоб з Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. З гэтым ведамствам Даліннік супрацоўнічаў па абавязку службы — усе буйныя «фінансавыя справы» перадаваліся з ДФР КДК менавіта ва ўпраўленне па расследаванні злачынстваў у фінансава-крэдытнай сферы цэнтральнага апарата СК.
Паводле звестак, атрыманых ад іншага інфарматара, Дзмітрыя Далінніка ўзялі за атрыманне хабару ў 20 тысяч даляраў.
«Яго затрымалі ў дзень яго нараджэння — 11 лістапада. Наколькі мне вядома, узялі кагосьці яшчэ з ДФР», — паведаміў ён.
Інфармацыю пра тое, што Даліннік затрыманы, пацвердзілі таксама ў арганізацыі былых сілавікоў Беларусі BYPOL.
«Затрыманы месяц таму за хабар. І не адзін», — распавялі ў BYPOL.
Паводле непацверджанай інфармацыі, ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Яго мабільны тэлефон не адказвае. На адным з гарадскіх нумароў, пазначаных як яго рабочы, паведамілі, што «Дзмітрый Аляксандравіч хварэе».
«Наўрад ці ў вас атрымаецца з ім звязацца», — паведамілі па іншым нумары.
Дзмітрый Даліннік узначальваў следчую групу па «справе Tut.by».