Аўтобус са школьнікамі загарэўся ў Ваўкавыску
Здарэнне адбылося ў райцэнтры на вуліцы Жолудзева.
11.01.2023 / 14:21
Фота: МНС
11 студзеня ў 8:57 ваўкавыскія выратавальнікі атрымалі паведамленне пра тое, што па вуліцы Жолудзева ў райцэнтры загарэўся школьны аўтобус. Падраздзяленні МНС накіраваліся да месца здарэння.
У салоне транспартнага сродку было трое дзяцей і дарослы. Кіроўца, убачыўшы загаранне ў маторным адсеку, спыніўся, высадзіў пасажыраў і пачаў самастойна збіваць полымя вогнетушыцелем. Тым часам педагог паведаміла пра здарэнне ў службу «101».
Байцы МНС прыбылі да месца і ліквідавалі ўзгаранне. Агонь пашкодзіў прыборную панэль, электраправодку і ўнутраную абшыўку аўтобуса. Людзі не пацярпелі.
Прычына здарэння высвятляецца. Верагодней за ўсё, да ўзгарання прывяло кароткае замыканне электраправодкі.