Летась фізасобы імпартавалі ў 2,4 раза больш машын, чым год таму. Якія аўто часцей везлі з Еўропы і ЗША?
Мінулы год стаў адным з найгоршых у гісторыі для афіцыйных імпарцёраў аўто ў Беларусі. За год продаж у іх абрынуўся ў 2,7 раза і склаў усяго 17,2 тысячы аўто супраць 46,8 тысячы годам раней. На гэтым фоне імпарт машын з Еўропы і ЗША фізічнымі асобамі, наадварот, вырас, прычым у 2,4 раза.
12.01.2023 / 08:41
Пік прыйшоўся на кастрычнік
Па выніках 2022 года, з улікам няпоўных даных за снежань, беларускія фізічныя асобы завезлі ў краіну больш за 80 000 транспартных сродкаў з-за межаў ЕАЭС. Такія лічбы прыводзіць сэрвіс «Антыскрутка» са спасылкай на даныя Федэральнай мытнай службы. У 2021 годзе фізічнымі асобамі было імпартавана каля 35 тысяч аўтамабіляў з трэціх краін.
У перыяд са студзеня па жнівень у Беларусь фізасобамі штомесяц увозілася па 3—5 тысяч аўто. У верасні адбыўся рэзкі скачок: тады за месяц завезлі больш за 11 тысяч аўто. Пік прыгону прыйшоўся на кастрычнік, калі ў Беларусь завезлі амаль 14 тысяч аўто. У лістападзе — больш за 13,5 тысячы. За няпоўны снежань — 8 748.
Адчувальны прырост попыту на прыгон аўто з-за мяжы выклікалі рост цэн на новыя аўто і іх дэфіцыт як у Беларусі, так і ў РФ. Прадаўцы сцвярджаюць, што значная частка прывезеных у Беларусь машын у выніку апынулася на расійскім рынку. Павышаны попыт з боку расіян паўплываў і на асартымент машын, якія везлі да нас.
Самай папулярнай маркай аўтамабіля для імпарту з-за мяжы ў 2022 годзе стала BMW. Аўтамабілі гэтай маркі склалі каля 17,57% ад агульнай колькасці ўвезеных аўто. На другім месцы ідзе VW, на прыгон «народных аўтамабіляў» прыпадае 10,53 %. Замыкае тройку лідараў Renault з 7,08% рынку. Далей у рэйтынгу размясціліся Audi і Ford, у іх 6,41 і 6,26% адпаведна.
Топ-5 мадэляў, якія прыганяюцца часцей за ўсё, выглядаў наступным чынам:
— BMW X3 — 3,12%
— BMW X5 — 3,1%
— Volkswagen Passat — 2,79%
— BMW 5-серыі — 2,58%
— Renault Megane — 2,47%
У 2021 годзе топ марак выглядаў наступным чынам: Renault, Ford, BMW, Tesla, VW.
Сярод мадэляў, якія могуць быць імпартаваныя толькі з ЗША, найбольш запатрабаванымі ў 2022 годзе аказаліся: Chevrolet Equinox, VW Jetta і Ford Escape.
Да рэкордаў усё яшчэ далёка
Нягледзячы на больш чым двухразовы прырост, да папярэдніх рэкордаў па ўвозе іншамарак яшчэ далёка.
Найбольшую колькасць аўто фізічныя асобы імпартавалі ў Беларусь у 2011 годзе. Адбывалася гэта перад узняццем пошлін да расійскага ўзроўню. Пры тым, што старыя тарыфы ў 2011 годзе дзейнічалі ўсяго 6 месяцаў, фізасобы паспелі завезці ў Беларусь больш за 250 тысяч аўто з трэціх краін.
За не менш напружаны 2010 год фізасобы завезлі ў Беларусь 192 тысячы аўтамабіляў з Еўропы і ЗША.