Затрыманы сын былога міністра энергетыкі Сяргей Патупчык — другі чалавек на «Беларуснафце». І яшчэ шэраг менеджараў

Чыноўніка затрымалі, папярэдне, па крымінальным артыкуле. І разам з ім узялі яшчэ некалькі драбнейшых менеджараў з Гомеля і Рэчыцы. 

09.01.2023 / 12:40

Сяргей Патупчык. Фота: фэйсбук

Сяргей Патупчык — намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы вытворчага аб'яднання «Беларуснафта». Па факце — другі чалавек у кампаніі, які падмяняе генеральнага пры яго адсутнасці. 

Затрымалі Патупчыка-малодшага два тыдні таму. Гэтае затрыманне па часе супала з затрыманнем шэрага іншых менеджараў «Беларуснафты» ў Гомельскай вобласці. 

Дакладны сэнс прэтэнзій да затрыманых нам невядомы. 

Сяргей Патупчык — сын былога міністра энергетыкі Уладзіміра Патупчыка, якога адправілі ў адстаўку ў 2018-м нібыта за «спрыянне ў стварэнні незаконнага сямейнага бізнэсу». 

Валерый Вакульчык, старшыня КДБ, тады публічна журыў Патупчыка за нібыта існаванне падраду, сэнс якога быў у пастаўцы будматэрыялаў па завышаных цэнах на аб'екты дзяржаўнага будаўніцтва. 

Як пазней напісаў «Флагшток», Сяргея Патупчыка маглі затрымаць з-за допісу ў падтрымку Украіны.

26 лютага 2022 года Сяргей Патупчык пакінуў на сваёй старонцы ў Інстаграм допіс: «Fuck war. Kyiv in my heart!». Цяпер допіс выдалены.

Чытайце таксама:

«Fuck war. Kyiv in my heart!». Намесніка гендырэктара «Беларуснафты» маглі затрымаць з-за допісу ў падтрымку Украіны

Nashaniva.com