У Бразіліі пачаліся шматтысячныя выступленні супраць новага прэзідэнта ў падтрымку старога

У Бразіліі пачаліся шматтысячныя пратэсты супраць новага прэзідэнта Луіса Інасіу Лула да Сілва ў падтрымку экс-прэзідэнта Жаіра Балсанару. Адны пратэстоўцы пайшлі штурмаваць будынак Кангрэса Бразіліі, іншыя — прэзідэнцкую рэзідэнцыю. Паліцыя не можа спыніць пратэстоўцаў.

09.01.2023 / 00:00

Фота: Eraldo Peres / AP Photo 

Пратэстоўцы незадаволеныя вынікамі выбараў, якія прайшлі ў кастрычніку 2022 года і на якіх папярэдні прэзідэнт прайграў. Людзі патрабуюць вайсковага ўмяшання і звяржэння новай улады.

Пратэстоўцы выходзяць у вопратцы ў колерах бразільскага сцяга, а некаторыя з іх нясуць партрэты Балсанару. Паліцыянты ўжылі супраць незадаволеных слезацечны газ, але не змаглі іх спыніць.

Па паведамленнях бразільскіх СМІ, дзейны прэзідэнт краіны Луіс Інасіу Лула да Сілва эвакуяваны ў бяспечнае месца. Падчас выбуху пратэстаў ён знаходзіўся ў працоўнай паездцы ў штаце Сан-Паўлу.

77-гадовы Лула да Сілва стаў прэзідэнтам Бразіліі пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах у кастрычніку 2022 года, ягоная інаўгурацыя адбылася 1 студзеня 2023 года. Дагэтуль палітык быў прэзідэнтам краіны два чатырохгадовыя тэрміны ў 2003-2011 гадах. Гэтым разам ён перамог з зусім невялікай перавагай, атрымаўшы ў другім туры 50,90% галасоў (Балсанару — 49,10%). Тым не менш сам Балсанару прызнаў сваю паразу і перадаў уладу апаненту. 

Nashaniva.com