«Я магла б яшчэ вышыць. Толькі б знаць, ці нада гэта каму». Як жывуць апошнія жыхаркі апусцелых вёсак

З акна аўтамабіля ўжо віднеецца сціплы паказальнік — «Цярэсіна». Гэта беларуская вёска ў Бярэзінскім раёне, якая паціху памірае. Тры чалавекі засталіся. Ціха, спакойна. Толькі зязюлю чуваць далёка. Вы таксама баіцеся пытацца ў яе, колькі гадоў жыць засталося? Некалькі такіх вёсак наведала журналістка «Звязды».

08.01.2023 / 19:04

У доме сясцёр заўсёды цёпла, сытна і ўтульна.

У прыгожым жоўта-блакітным доме жывуць сёстры Аляксандра Раманькова і Зінаіда Ігнатовіч. Яны старана рыхтаваліся да прыезду гасцей. На стале ўжо быў смачны сняданак — пухнатыя блінцы з печы і мачанка. Сапраўднае свята, столькі людзей за сталом! 

У печы Аляксандра гатуе самыя смачныя беларускія стравы

— У мамы, — так Зіна назвала сваю сястру Шуру, — кожны дзень свята. На стале заўсёды першае, другое і кампот. 

Смак поснага булёну

Сям’я, у якой выраслі сёстры, была вялікая — 11 дзяцей. Жыць, вядома, было нялёгка, але стала яшчэ цяжэй, калі пачалася вайна. Шуры і Зіне было тады па 8 гадоў. Аляксандра ўспамінае, што з кожным днём станавілася ўсё страшней, бамбілі самалёты, ад грукату і жаху закладала ў вушах, трэсліся рукі і ногі. Жыць у хаце стала невыносна, прыходзілася хавацца ў лесе. 

Вайна забрала ў Шуры ўсё самае дарагое: дзяцінства і старэйшага брата, які быў у партызанскім атрадзе

«Там мы рабілі невялікія курані (так жыхары Цярэсіна называлі зямлянкі, — Заўв. аўтара), дзе ставілі печ-самаробку. На гэтай печы бацькі рыхтавалі нам булён. Тады здавалася, што пара лыжак гэтага поснага булёну былі самай смачнай стравай на зямлі!» — успамінае Шура.

Жыхары Цярэсіна і суседніх вёсак вярталіся ў свае дамы толькі тады, калі прыходзілі партызаны. 

«З імі жыць было не так страшна. Яны ў вёсцы некаторы час адпачывалі. Як толькі мы бачылі, што партызаны пачынаюць збірацца ў шлях, таксама збіраліся зноў у лес, у сырую зямлянку», — тлумачыць Аляксандра.

У пасляваенныя гады жылі вельмі бедна. Цярэсіна моцна пацярпела: дарогі разбітыя, дамы спаленыя. Жыхары вярнуліся з зямлянак і сталі аднаўляць гаспадарку, дапамагаючы адно аднаму. 

Вечарамі Аляксандра любіць спяваць беларускія народныя песні пра каханне. Калісь іх разам спявала уся моладзь у вёсках

«У школу я пайшла ўжо пераросткам, у колькі гадоў, ужо і не памятаю. Вучыліся мы на здымных кватэрах, таму што школы ўсе пазачынялі. Ні сшыткаў, ні падручнікаў не было. На ўсё Цярэсіна — адзін буквар. Пісалі на шматках газеты, якія складалі ў адзін нататнік — ён служыў сшыткам. Чарніла рабілі самі з крушыны. Варылі яе, і атрымлівалася густая чорная маса, якая рабіла жудасныя кляксы…» 

«А елі што, ведаеш? Хадзілі на калгасныя палі па вясне і збіралі гнілую бульбу, каб зрабіць з яе аладкі! І было вельмі смачна!» — дзеліцца ўспамінамі Зінаіда.

«Ніхто зараз гэтым не цікавіцца»

Зінаіда Ігнатовіч цяжка хварэе, дрэнна чуе, ходзіць пры дапамозе хадункоў. Просіць: «Сядзь бліжэй і кажы крапчэй». Пагаварылі пра сваё, дзявочае. Параілі рана замуж не выходзіць, «не надзяваць хамута на шыю». І пра вяселле пагаварылі, сапраўднае, беларускае.

Зінаіда вельмі сумуе па любімай справе. Захоўвае ўсе снасці і спадзяваецца, што хтосьці працягне яе творчасць

«На кані везлі нас, прыгожую дугу зрабілі, званкі пачапілі. Наймалі музыканта на вяселле. Зараз жа вы так не танцуеце. У мяне Юзік (муж Зіны) любіў сыботу. І ніколі не браў танцаваць нікога акрамя мяне».

Зінаіда раней ручнікі вышывала, іконы, пакрывалы, сурвэткі. Усім дарыла, каб у гэтага чалавека памяць пра яе засталася. І журналістцы падарылі ручнік з карункамі, вышытымі крыжыкам беларускімі ўзорамі і чырвонымі кветкамі.

«Рукамі я б яшчэ і рабіла, але вочы ўжо не бачаць. Да гэтага года я і вышывала, і снавала, і ткала. Уся снасць у мяне ёсць: і ставы (абласное слова кросны), і бёрды (прылада ў ткацкім станку з тонкіх пласцінак накшталт грэбеня з дзвюма спінкамі для прыбівання ўточнай ніткі), і набіліцы (у кроснах — драўляныя планкі, у якія ўстаўляецца бёрда).

Я захоўваю, можа, каму-небудзь прынадабіцца, хай будзе. Прыгожа, але ніхто зараз гэтым не цікавіцца!»

«А ці нада гэта каму?»

Хвалюецца пра сваю творчасць і Джыгера Сафія з суседняй вёскі са смачнай назвай Ягадка. Там абставіны трошкі весялейшыя — засталіся чатыры жылыя дамы. У хаце Соф’і светла, цёпла і ўсюды — шыкоўныя сурвэткі з беларускімі выцінанкамі, саматканыя палавікі і карціны крыжыкам! Нібыта ў музеі. 

Жанчыны ў вёсках раней ткалі вечарамі і начамі. У Сафіі захавалася вельмі шмат палавікоў, якія зараз ляжаць у гаражы. Кажа, што яны ўжо нікому не патрэбныя. Нямодна стала. Павыкідалі…

«Раней мы і адзежу ўпрыгожвалі самі: такія цудоўныя вышыванкі! Чырвоныя кветкі, палоскі на рукавах, каўнерык-стоечка. Калі гэта ўжо было… Я, напрыклад, магла б яшчэ вышыць. Толькі б знаць, што будуць насіць. Ці нада гэта каму…» 

Сафія таксама дорыць усім сваё рукадзелле на памяць, як і Зінаіда. Сурвэтак жанчыны хапае ўжо па ўсім свеце! Паляцелі яны ў Шатландыю, Італію, Германію, Латвію. І ў іншых краінах будзе часціна нашай беларускай культуры! 

Творчасцю Сафія пачала займацца яшчэ ў дзяцінстве. 

«Мы з сястрой нават насоўкі кручком абвязвалі. Вучыліся ў маці і бабулі. На пенсіі з’явілася больш часу, зноў пачала актыўна вязаць, шыць, вышываць». 

З трапятаннем і захапленнем Сафія паказвае сапраўдныя беларускія скарбы: ручнікі, накідкі, сурвэткі

«Белыя сурвэткі я па кніжыцы вязала, а каляровыя — сама ўжо прыдумала. Сумна стала — знайшла ніткі і давай вязаць! Вельмі карпатлівая праца, але мне падабаецца».

«Танцавалі, аж плечы мокрыя былі!»

Паказалі сямейны фотаальбом са старымі фотаздымкамі, які беражліва захоўваецца ў камодзе Сафіі. Вёска, моладзь, танцы, вяселле… Раней моладзь збіралася са ўсіх вёсак на вечарыны. 

«Танцавалі і сыботу, і лявоніху, і падэспань. Скакалі так, што ва ўсіх хлопцаў аж плечы былі мокрыя ад танцаў! Памятаю, прыбягалі з працы, 20 хвілін — памыліся, зачасаліся, адзеліся і на танцы! Былі маладыя, прыгожыя, шчаслівыя. Ой, можа мне б і зараз надзець нейкую спадніцу ямчэйшую?» — хвалюецца Сафія. 

Тры гады Соня са сваім Мікалаем проста сябравалі, танцавалі разам на вясковых вечарынах. 

«На вяселлі ў мяне быў высокі вяночак, упрыгожаны кветкамі. А сукенка — светла-ружовая… Але вось ужо 26 гадоў жыву без гаспадара…», — сумуе Соф’я.

Басаногае дзяцінства, маладосць і жыццё

Успамінае жанчына пра свае вясковыя прыгоды. Неяк раніцай Соня вырашыла зайсці да суседкі, пакарміць яе курэй, пакуль тая была ў бальніцы. Пераходзіла дарогу і сустрэла дзікую казу! Мясцовыя кажуць, што жывёл тут вельмі многа. 

«Весела! Лісы ходзяць, курэй душаць. Памятаю, калісьці ноччу забрахаў сабака. Кажу мужу: «Коля, мы курэй на ноч не закрылі!» Я ў чым была, у тым і выскачыла: у сарочцы лёгкай, басанож па снезе (тады трошкі прыцерушыў). Выбягаю — ліса сярод двара стаіць. Я, не думаючы, як дала ёй па пысе! Палец тады доўга балеў (аб зубы пабіўся)», — смяецца Соня. 

Не разумее, як можна не любіць сваю вёску, як можна з’ехаць адсюль у горад. Бо тут нарадзілася, тут прайшло і ўсё басаногае дзяцінства. 

«Не было ж у нас абутку. Мяч у нізінку пакоціцца, мы выбягаем басанож на снег за ім! А ногі пасівераюць. Тады чым толькі не мазалі: і малаком, і тавотам (зараз гэта салідолам завецца). Басанож і ў лес хадзілі і баяліся, каб гадзюка нейкая не папалася. Набярэш суніц, прыносіш, у міску малака — уся сям’я абедае. А ўвосень журавіны. 

Соф’я па жыцці аптыміст, адчувае сябе шчаслівым чалавекам. І сёння ходзіць і ў грыбы, і ў ягады, нягледзячы на гады. 

«Ужо 81 год, а як 18! Калі перакруціць лічбы, так і атрымаецца! — смяецца Соф’я. — Шкада толькі, што так раз’язджаюцца людзі. Сумна неяк становіцца. Памятаю, калі ўжо жылі з мужам, у вёсцы быў толькі адзін тэлевізар, усе хадзілі ў тую хату яго глядзець. Потым мы назбіралі грошай, таксама купілі. І да нас сталі суседзі хадзіць, глядзець тэлевізар. Вось тады весела было! А зараз тыя, хто застаўся, на свята ці ў нядзельку сядзяць па сваіх хатах… Мала хто застаўся…»

 

У Цярэсіне закінутых хат больш, чым жылых

Зайдзём у хату 

У адсырэлых, халодных і цёмных закінутых хатах з забітымі вокнамі застаюцца беларускія абразы, пакрывалы, сурвэткі, ручнікі.

У хаце захаваліся амаль усе рэчы гаспадароў.

На разбуранай канапе можна знайсці парваныя граматы і падзякі, а ў разваленай камодзе — старыя лісты, фотаздымкі з вяселля. У шафе яшчэ вісяць белыя і ружовыя кашулі, на паліцах — складзеныя кофты і швэдры.

 

Шафа ў закінутай хаце

У куце, за шафай — стары тэлевізар. На кухні ўсё яшчэ стаяць закаткі, пакрытыя цвіллю і пылам, вісяць узорчатыя фіранкі… Мёртвая цішыня. І толькі зязюлю чуваць далёка.

Зязюля-зязюля, колькі такім вёскам жыць засталося? 

Чытайце таксама:

«Для нас, старых, гэта адзіная забаўка». Як аўталаўка аб'язджае маленькія вёскі

«Бабуля паказала доказы НЛА». Хлопец аб’ездзіў больш за 100 вёсак па Беларусі і расказвае, як там цяпер жывуць людзі

«Знайсці жанчыну не праблема. Пытанне — у якасці». Пад Вілейкай пасяліліся два таварышы, якія адмовіліся ад жонак і зʼехалі ў глуш

«Сумна мне ніколі не бывае». Чалавек жыве адзін у апусцелай вёсцы-«бацькаўшчыне»

Nashaniva.com