Затрымалі беларуса, які вярнуўся з-за мяжы, — за каментары з 2020 года. Расказваем, як яго знайшлі
Сілавікі пагражаюць яму крымінальнай справай.
08.01.2023 / 22:39
Радзівон Качаткоў. Фота: сацсеткі
Радзівону Качаткову 28 гадоў, ён родам з Брэста. Хлопец скончыў БНТУ ў Мінску, а ва ўніверсітэцкія гады захапляўся баскетболам і стрытболам.
Радзівон нейкі час жыў за мяжой у некалькіх краінах, а пасля вырашыў вярнуцца ў Беларусь. Неўзабаве яго затрымаў ГУБАЗіК.
Як маглі знайсці хлопца? Ён пакінуў шмат каментароў у тэлеграме і не мяняў акаўнт з 2016 года. З дапамогай ботаў (найперш — Eye of Beholder) можна пабачыць не толькі гісторыю каментавання яго акаўнта, але і гісторыю змянення імёнаў, і дзе пакінута ягонае імя, і нумар тэлефона, на які зарэгістраваныя амаль усе ягоныя акаўнты.
Каментары, якія ставіць яму ў віну ГУБАЗіК, датаваныя 2020 годам.
Магчыма, хлопца даўно вылічылі і завялі на яго справу, але чакалі, пакуль ён вернецца ў Беларусь, каб затрымаць. Сілавікі сцвярджаюць, што «яму пагражае ад 5 да 12 гадоў турмы» — імаверна, гаворка пра крымінальную справу за «распальванне варожасці і варажнечы».