«Вы там …анулись …яди кремлевские?» Расійскіх блогераў і ваенкараў парвала ад навіны пра перамір’е

Ваенкары адрэагавалі на загад Пуціна аб спыненні агню на праваслаўныя Каляды. Яны аднадушныя ў крытыцы, а некаторыя ўвогуле не стрымліваюць сябе ў моцных выразах на адрас найвышэйшага расійскага кіраўніцтва. 

05.01.2023 / 19:14

Блогер «Трынаццаты» належыць да супольнасці блогераў-шавіністаў, ускормленых Крамлём. Фота з яго тг-канала

Найбольш эмацыйна выказаўся блогер «Трынаццаты», які напісаў, даведаўшыся пра перамір'е, два кароткія пасты, якія складана нават цытаваць, бо большасць слоў — нецэнзурныя. Частка аднаго паста вынесеная ў загаловак. 

Блогер «Трынаццаты» належыць да супольнасці блогераў-шавіністаў, ускормленых Крамлём, які не шкадаваў грошай на нагнятанне шавіністычных, антыўкраінскіх і антызаходніх настрояў. Назва «блогеры» не павінна падманваць: пад гэтай шыльдай часта хаваюцца высокабюджэтныя структуры са шматлікімі аўтарамі, аператарамі і піяр-менеджарамі.

«Трынаццаты» вылучаецца сярод блогераў тым, што рэальна ваюе — з 2014 года. Гэтую вайну ён прайшоў ад першага дня, займаў радыкальныя пазіцыі, заклікаў забіваць украінскіх палонных, а пасля адступлення з-пад Херсона ў яго пастах нарастаюць істэрычныя ноткі.

«П..ухи..аные, какие перемирия? Какие на..й праздники? Вы мне вернёте моих друзей которых нет из-за ваших преступных приказов? Вы вернёте мне здоровье и психику?» — піша ён у стылістыцы, якую цяжка перакласці.

Іншыя ваенкары трымаюцца больш «парламенцкай» рыторыкі і крытыку спалучаюць з іроніяй, але непрыняцце імі зробленага кроку не робіцца ад гэтага менш рэзкім і адназначным.

Ваенкар Раман Сапанькоў напісаў: 

«Перамір'е — зло. Яно аднабаковае, а значыць выконвацца не будзе. Дзякуй Праваслаўнай царкве за геніяльную ідэю. Што б мы без вас рабілі».

Вядомы ваенкар «Рыбарь» лічыць: 

«Каляднае перамір'е — гэта, вядома, жэст нібыта прыгожы палітычна. Традыцыйны такі. У рамках агульнага ваенна-палітычнага палітэсу (які ўсім да аднаго месца). Але вось толькі, можа, хопіць кідаць бісер перад свіннямі? Усё адно не ацэняць. З нашага боку, дарэчы, таксама».

Сумняваецца «Рыбарь» нават у прапагандысцкім эфекце такога кроку, разумеючы, што інфармацыйную вайну па-за межамі Расіі пуцінскі ўрад прайграў:

«А рабіць такі жэст, каб дачакацца правакацый з боку Украіны і прылюдна іх у гэтым абвінаваціць, — таксама гісторыя, шчыра кажучы, так сабе. Ну, абвінавацяць. А тыя скажуць, што Крэмль сам сябе абстраляў. І заходнія СМІ растыражуюць».

«Гэта рашэнне — адкрытае вар'яцтва, якое нясе асабліва дэкларатыўны характар. Цяжка ўявіць, каб яно насамрэч выконвалася байцамі, а асабліва ўкраінскай арміяй, якой падобныя фокусы зусім не патрэбныя…

У найлепшым выпадку гэта рашэнне ні да чога рэальна не прывядзе, толькі дасць падставу расшаркацца па навінах, у горшым — праціўнік толькі ўзмоцніць сваё агнявое ўздзеянне на фоне бяздзейнасці нашых войскаў», — пагаджаецца з «Рыбарем» ваенкар «Военный осведомитель».

Паэтка-ваенкарка Ганна Долгарава проста іранізуе:

«Цудоўная ідэя, проста цудоўная. У нас якраз украінцы [у арыгінале — абразлівае слова] даўно на Лісічанск паглядаюць, давайце ім зробім падарунак на Каляды».

І тую ж іранічную хвалю падхоплівае Ігар Гіркін-Стралкоў:

«Вельмі моцны ход! Але трохі незавершаны…

Другім вельмі моцным ходам з боку Вярхоўнага Галоўнакамандуючага было б абвясціць аб тым, што ён адпраўляецца на перадавую ў раёне горада Данецка (напрыклад), каб (ва ўмовах аднабаковага перамір'я) адсвяткаваць з салдатамі Каляды.

Мяркую, што такі ход ацэняць не толькі паважаныя кіеўскія партнёры, але і салдаты ў акопах, якія будуць двое сутак «аднабакова перамірвацца». 

У выказваннях расійскіх блогераў усё больш незадаволенасці і нават ярасці ў адносінах да ўладаў, якія распачалі вайну, абяцаючы перамогу і трафеі, але яна прынесла толькі гіганцкія ахвяры і разбурэнні. Гэтая ярасць пачынае распаўсюджвацца і асабіста на Пуціна. «Вы там …анулись..яди..аные кремлевские?» — такіх выразаў, як цяпер ужывае «Трынаццаты», раней шавіністычныя блогеры не дазвалялі.

Nashaniva.com