Дар'ю Лосік пачнуць судзіць 18 студзеня
Справу палітзняволенай Дар'і Лосік пачнуць разглядаць 18 студзеня ў Брэсцкім абласным судзе. Працэс будзе весці суддзя Мікалай Грыгаровіч, паведамляе «Вясна».
04.01.2023 / 20:11
Паводле матэрыялаў справы, Дар'я дала інтэрв'ю «экстрэмісцкаму фарміраванню» «Белсат», «у якім пазіцыянавала сябе як жонку палітвязня. Яна дала асабістую негатыўную адзнаку дзяржаўным органам, да кампетэнцыі якіх аднесена ажыццяўленне крымінальнага пераследу і правасуддзя. Пры гэтым паведаміла, што яе муж не здзяйсняў крымінальных дзеянняў і асуджаны незаконна. Заклікала сваякоў іншых асуджаных узяць з яе прыклад».
Дар‘ю Лосік, жонку палітвязня Ігара Лосіка, затрымалі 18 кастрычніка. Блогер і журналіст Ігар Лосік цяпер адбывае прысуджаны яму 15-гадовы тэрмін у калоніі строгага рэжыму. Дачка Ігара і Дар'і цяпер знаходзіцца ў бабулі з дзядулем.