Ці розняцца бургеры з «Макаў» у Беларусі, Літве, Польшчы і Грузіі? Памералі з лінейкай
За апошнія месяцы беларускі «Макдональдс», які стаў безыменным, нярэдка ствараў нагоды для навін. Ці змяніліся з сыходам брэнда самі бургеры? Некаторыя скардзіліся, што яшчэ да перайменавання рэстарана яны быццам ссохліся і сталі меншымі. Параўналі памер і склад стандартнага чызбургера ў чатырох краінах.
04.01.2023 / 21:29
Беларусь
Беларускі чызбургер ужо не вельмі карэктна назваць макдональдсаўскім. Але ж выглядае ён па-ранейшаму, толькі што з пакунка знік лагатып вядомай сеткі рэстаранаў.
Цана — 3,5 рубля. Склад тыповы для чызбургера: дзве паловы булкі, катлета, сыр, цыбуля, соус і гурок. Праўда, гурка пашкадавалі — усяго адзін кавалачак.
Дыяметр чызбургера прыкладна 8,7 см.
Польшча
Гэты чызбургер нашы чытачы купілі ў польскіх Катавіцах, каштуе ён 5,9 злотага (каля 3,7 беларускага рубля).
Дыяметр польскага бургера — прыкладна 8,5 см, вышыня — каля 3,5 см. Інгрэдыенты і іх колькасць такія ж, як і ў беларускім — глядзіце самі. І гурка таксама пашкадавалі.
Літва
Чызбургер родам з Вільні. Тут таксама вытрыманы ўвесь набор, але ж гурок выглядае танчэйшым за польскі.
Дыяметр булкі — каля 8,5 см, вышыня прыкладна 4 см. Каштуе віленскі бургер 1,3 еўра, або 3,8 рубля.
Грузія
Апошняга кандыдата для параўнання набылі ў Тбілісі. Выглядае ён стандартна, усе інгрэдыенты на месцы, таксама пакладзены адзін кавалачак гурка. Такі ж дыяметр, як і ў папярэдніх, — 8,5 см.
Цана, у параўнанні з астатнімі, шакуе — звычайны чызбургер у Грузіі каштуе 5,45 лары, або 4,9 беларускага рубля.
Атрымліваецца, што беларускі чызбургер пакуль самы танны. Што да памеру, то калі ён і паменшаў, то не толькі ў беларускіх рэстаранах.
А колькі бургераў можа купіць чалавек за сярэдні заробак у краіне? Грузія па гэтым параметры найгоршая. Але і Беларусь адстае ад Польшчы і Літвы амаль у два разы.