«Верагодна, хочуць паказаць, што яны будуць затрымліваць усіх і кожнага». Калегі пра затрыманне Яўгена Лівянта і яго сям'і
За некалькі дзён да Новага года затрымалі вядомага педагога Яўгена Лівянта. Як высветлілася пазней, сілавікі прыйшлі таксама па ягоную жонку, дачку і зяця. Ім прысудзілі па 14-15 сутак арышту. Чаму маглі ўзяцца за вядомага рэпетытара і ягоную сям'ю?
03.01.2023 / 22:19
Пасля затрымання Лівянта ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў з'явілася відэа, на якім Яўген распавядаў пра ўдзел у акцыях пратэсту 2020 года, падчас якіх ён нібыта блакаваў рух транспарту. Таксама на камеру ён распавёў, што прымаў удзел у адным пасяджэнні Кардынацыйнай рады.
Апроч гэтага, сілавікі вінавацяць Лівянта ў тым, што ягоны адукацыйны цэнтр «100 балаў», не з'яўляючыся ўстановай адукацыі, фактычна ажыццяўляў ліцэнзаваную дзейнасць «з дапамогай змовы з прыватнай школай «Апельсін».
Лівянту далі 14 сутак па адміністрацыйнай справе.
Адзін з былых калег вядомага рэпетытара, з якім паразмаўляла «Наша Ніва», выказвае меркаванне, што цікавасць сілавікоў да Лівянта — гэта помста за ягоную неабыякавасць да тых праблем, якія ёсць у беларускай сістэме адукацыі.
«Адзінае пытанне, чаму затрымалі не толькі яго, але і ўсю сям'ю. Верагодна, такім чынам яны проста хочуць аказаць на яго дадатковы ціск ці проста паказаць, што яны будуць затрымліваць усіх і кожнага, бо дачка і зяць не мелі дачынення да ягонай дзейнасці, гэта не быў нейкі сямейны бізнэс. Яны працавалі ў іншай галіне», — кажа суразмоўца.
Дачка, напрыклад, працуе ў ІТ.
Яўген Лівянт з сям'ёю. Фота са старонкі Яўгена Лівянта ў фэйсбуку
Таксама мужчына звяртае ўвагу, што дачка і зяць Лівянта не вярталіся з Польшчы ў Беларусь, а прыехалі на радзіму толькі на вакацыі.
Яўген Лівянт неаднаразова крытычна выказваўся ў бок беларускай сістэмы адукацыі. З апошняга — ён крытыкаваў шкалу адзнак на цэнтралізаваным тэсціраванні і выказваўся за неабходнасць даць права ў старэйшых класах выбіраць прадметы для далейшага вывучэння.
«Яўген Барысавіч — чалавек, які мае сваю аўтарскую методыку выкладання, яна можа камусьці падабацца ці не падабацца, але яна дае вынікі. Там ёсць вельмі простыя правілы і крокі, якія павінны выконваць усе вучні. Яўген Лівянт — той чалавек, які плённа працуе і аддаецца сваёй справе», — кажа ягоны калега.
На думку суразмоўцы, калі б ва ўсіх школах выкладчыкі працавалі так, як Лівянт, то рэпетытары для здачы ЦТ наогул былі б непатрэбныя.
Суразмоўца камунікаваў з Лівянтам незадоўга да затрымання.
«З тых размоў і сустрэч не выглядала, што па ім працуюць сілавікі, што яны збіраюць на яго нейкі кампрамат і г.д. Наколькі мне вядома, усё было як звычайна, не было нейкай заўважнай увагі да ягонай дзейнасці і з боку падатковай ці іншых кантралюючых органаў».
Навуковец Сяргей Бесараб таксама выключна пазітыўна выказваецца ў бок Яўгена Лівянта.
«Гэта не проста рэпетытар ці выкладчык — гэта сапраўдны асветнік», — лічыць Бесараб.
Навуковец сам неаднаразова раіў сваім знаёмым звяртацца да яго па рэпетэтарства.
«Апроч выкладчыцкай дзейнасці, Яўген Барысавіч каля 10 гадоў з'яўляецца старэйшым арганізатарам дзіцячых і падлеткавых турніраў па робататэхніцы. Ён першым пачаў прасоўваць гэты канцэпт у Беларусі, ён з'яўляецца ідэйным заснавальнікам гэтага руху», — кажа Бесараб.
Cяргей Бесараб — хімік, эксперт па радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай бяспецы
Методыку выкладання Лівянта Сяргей параўновае з падрыхтоўкай алімпійцаў.
«Ён «душыць» вучняў фактычна на злом матэматыкай і фізікай, але падыходзіць да гэтага вельмі цікава. Такі падыход нагадвае падрыхтоўку алімпіяднікаў. Да таго ж ён эрудыраваны чалавек з добрым пачуццём гумару, таму ён прыцягвае да сябе. Лівянт прыхільнік STEM-адукацыі, мае еўрапейскі падыход. Мне наогул цяжка параўноўваць нашу сістэму адукацыіі і тое, што прапанаваў Лівянт», — адзначае навуковец.
Сістэматычнае з'яўленне крытычных заяў у бок беларускай адукацыі ад Лівянта Бесараб тлумачыць тым, што Яўген — гэта той чалавек, якому не ўсё роўна, якой будзе беларуская адукацыя.
Тым не менш, на думку Бесараба, у сістэме адукацыі як раней, так і тым больш цяпер мала людзей, якія разумеюць, што ён хоча данесці і што ён прапануе.
«Ён хварэе за адукацыю нацыі. Ён адзін з рэдкіх прыкладаў для Беларусі, бо ў нас даволі добра развітая асветніцкая дзейнасць у галіне мовазнаўства, гісторыі. А вось у такіх дакладных навуках, як фізіка, матэматыка, астраномія — Лівянт бадай адзіны такі», — лічыць Сяргей Бесараб.
Апроч Яўгена Лівянта, яго жонкі, дачкі і зяця, затрымалі саўладальніка адукацыйнага цэнтра «100 балаў» Аляксея Іванова.
На відэа, якое з'явілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў, Іваноў таксама сцвярджае, што прымаў удзел у акцыях пратэсту 2020 года і выходзіў на дарогу разам з Яўгенам Лівянтам. Як і ў выпадку з Лівянтам, сілавікі ў сваіх відэа робяць акцэнт на высокіх заробках затрыманых саўладальнікаў адукацыйнага цэнтра і прымушаюць агучваць на камеру свой гадавы даход.