Хто плаціць за міжнародныя візіты Ціханоўскай і ці ўсюды за ёй ходзяць беларускія спецслужбы?
За два гады Святлана Ціханоўская з’ездзіла ў міжнародныя паездкі каля 90 разоў. Яна сустракалася з дзясяткамі прэзідэнтаў, прэм’ераў, каралямі і іншымі топавымі палітыкамі. Аднак мала хто ведае, што хаваецца за публічным бокам гэтых візітаў. Як працуе дыпламатычны пратакол, чаму яго параўноўваюць з Талібанам і якія яны — лідары дзяржаваў, з якімі вяла перамовы Святлана? Пра гэта і не толькі «Люстэрку» расказаў дыпламатычны дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.
03.01.2023 / 09:19
Дзяніс Кучынскі падчас візіту Святланы Ціханоўскай у Славакію. Чэрвень 2022 года. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Дзяніс Кучынскі, 28 гадоў, родам з Ліды. Скончыў ЕГУ па спецыяльнасці «Культурная спадчына і турызм», а таксама магістратуру Каўнаскага ўніверсітэта Вітаўта Вялікага па спецыяльнасці «Дыпламатыя».
Вучыўся разам са спікеркай літоўскага Сейма Вікторыяй Чмілітэ-Нэльсан і менеджеркай па стратэгічнай камунікацыі Офіса Ціханоўскай Анастасіяй Касцюговай. Пасля заканчэння ўніверсітэта займаўся палітычнай і культурнай дзейнасцю: разам з Алесем Смаленчуком, Паўлам Белавусам і Франкам Вячоркам дапамагаў арганізоўваць перапахаванне Кастуся Каліноўскага ў 2019 годзе, працаваў над праектам па маніторынгу выбараў, а таксама кансультантам у IT-кампаніях. Акрамя беларускай і рускай моваў ведае англійскую, іспанскую, італьянскую, літоўскую і польскую. Далучыўся да каманды Святланы Ціханоўскай восенню 2020 года.
«Помню, у адной краіне было забаронена купляць ежу для Святланы ў краме»
— Падчас візіту ў Латвію Святлана казала, што ёй, напрыклад, нельга піць з адкрытых бутэлек ці ўжо налітай шклянкі, а таксама нельга заходзіць за яе спіну і быць паміж ёю і ахоўнікам. Якія яшчэ ёсць забароны ад аховы?
— Ёсць, напрыклад, частка пратакола — выхады з машыны. Паводле правілаў Святлана заўсёды выходзіць з машыны першая.
Таксама рассадка. Месца Святланы — заўсёды правае ззаду. Такое патрабаванне аховы і пратакола, бо гэтае месца лічыцца самым бяспечным. Але быў цікавы выпадак нядаўна ў Фінляндыі. Ахова нам нечакана сказала: усё, цяпер выкарыстоўваем іншы аўтамабіль. Просяць частку дэлегацыі пайсці налева. Тут мне тэлефануе Франак, кажа: «А дзе я еду, я еду ў нейкай машыне невядома куды, а вы дзе?» Паралельна звоніць Святлана: «Дзяніс, а дзе Франак?» У выніку аказалася, што Франак граў ролю Ціханоўскай — яго пасадзілі ў машыну Святланы. Вось такая мера бяспекі.
У аховы ёсць і патрабаванні да гатэля. Каб былі пакоі побач, каб выхады былі надзейныя.
Таксама па правілах Святлана не павінна прымаць у рукі падарункі і кветкі. Але мы робім так, каб хутка ў яе забраць і перадаць. Людзі нават пісалі ў інстаграм Ціханоўскай: «А хто ў вас там забірае кветкі пастаянна?» Дык вось, гэта я.
Больш рэкамендацый ад аховы няма. Памятаю, у адной краіне было забаронена купляць ежу для Святланы ў краме. Нават калі мы хадзілі ў рэстарацыю, спачатку туды прыязджала мясцовая ахова, каб праверыць, як і з чаго гатуюцца стравы, прадэгуставаць.
— Ахоўнікі носяць зброю? Даводзілася выкарыстоўваць хоць раз?
— Так, носяць. Факты выкарыстання зброі мне не вядомыя. Але аднойчы, у першы месяц вайны, падчас адной сустрэчы з дыяспарай мясцовая ахова прапанавала надзець бронекамізэльку. Ціханоўскай гэтая ідэя не вельмі спадабалася. У выніку сустракалася без яе.
Ахова Ціханоўскай падчас візіту ў Латвію. Чэрвень 2022 года. Фота: «Люстэрка»
— Было такое, што за вамі сачылі беларускія спецслужбы? Як вы гэта заўважалі?
— Ёсць гэты выпадак з Грэцыяй, звязаны з Пратасевічам. Яго ўсе ведаюць. Здаецца, падчас нейкага візіту казалі, што былі падазрэнні, што нехта сочыць. Але агулам, калі нам не трэба ведаць пра такія справы, мы і не будзем ведаць. Ахова працуе па сваіх пратаколах. У нас літоўскія ахоўнікі, яны вельмі прафесійныя. Тут жа важны і розум, а не толькі мускулы.
Што цікава, вельмі часта бок, які прымае, дае Святлане жанчын-ахоўніц.
— Ці шмат ахоўнікаў у Святланы? Напрыклад, можа быць 10 чалавек?
— Па-рознаму. Кожная краіна вызначае свой узровень бяспекі, часам шмат, а часам не.
— Ты казаў, што ўсе адступленні ад пратакола ахова ўспрымае напружана. То-бок, глядзі, атрымліваецца, калі Лукашэнка прыехаў у Бішкек, заявіў, што «Мерседэс», які яму падалі, не завёўся, і раптам пайшоў пешшу, то гэта ўсё было запланавана?
— Такое можа быць падчас сустрэч. Ёсць прэм’ер-міністр, які не вельмі любіць пратакол. Гэта прэм’ер-мінстр Люксембурга Ксаўе Бетэль. Мы калі да яго ў офіс упершыню прыйшлі, ён кажа: «Я не люблю пратакол, я люблю ўсё рабіць спантанна». І, напрыклад, перад тым як пачаць сустрэчу, ён сказаў Святлане: «Хадземце, я вам пакажу свой кабінет». Хадзіў, паказваў кабінет, фота свайго мужа (Бетэль стаў адным з першых сярод лідараў ЕС, хто заключыў аднаполы шлюб. — Заўв. рэд.). Потым ён такі: «А давайце проста пройдземся па горадзе, прагуляемся».
— Ахова, напэўна, узялася за галаву?
— Ахова сказала «ОК». Забарона была б толькі ў выпадку вялікай рызыкі. І яны пайшлі на шпацыр па Люксембургу. Ён быў другім чалавекам, хто ўспомніў жарт пра Талібан (гучыць так: «Ведаеце, чым пратакол адрозніваецца ад Талібана? З Талібанам можна дамовіцца»). Таму адступленні могуць быць, і ўсе падрыхтаваныя да такіх сцэнароў. Але ахова і пратакол заўжды за тое, каб усё было па плане, каб не ствараць дадатковых праблем.
Той самы прэм’ер Люксембурга Ксаўе Бетэль (злева ад Святланы), які не любіць пратакол, на сустрэчы з Ціханоўскай. Чэрвень 2021 года. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Стараемся ўкласціся ў суму да 2,5 тыс. еўра, а калі візіт на дзень, то выходзіць менш за тысячу»
— На чым вы звычайна лётаеце? Ці ёсць нейкія патрабаванні? Напрыклад, лётаць толькі ў бізнэс-класе.
— Мы заўсёды лётаем эканом-класам, за рэдкімі выключэннямі. Калі Святлану запрашаюць, бывае, з таго боку робяць крок ветлівасці і кажуць, што заплацяць за гатэль і рэйсы, маўляў, вы госця нашай краіны. І тады яны выбіраюць. Часам купляюць бізнэс-клас. Я памятаю два такія выпадкі. Першы — калі мы ляцелі ў Нідэрланды. Святлана прыходзіць і кажа: «Чаму бізнэс-клас? Што такое, што ты нарабіў?» Яна не любіць лакшэры. І другі — калі ў ЗША ляцелі. Быў доўгі пералёт, і адразу трэба было працаваць, таму мы ўзялі эканом-прэміум. Там крыху больш месца.
— Хто звычайна аплачвае білеты, гатэлі, харчаванне?
— Па-рознаму. Частку аплачвае Офіс, частку — бок, які запрашае. Калі гэта канферэнцыя, то там арганізатары ўсё бяруць на сябе. Часта бывае так, што яны кажуць: вы госця нашай краіны — і бяруць аплату на сябе.
Асноўныя выдаткі звычайна — гэта жытло, пералёты і ежа. Таму што транспарт на месцы ў большасці выпадкаў дае бок, які запрашае.
— Колькі звычайна чалавек у дэлегацыі?
— Адзін плюс два і часам фатограф. Калі гэта працоўны візіт, то гэта візіт Святланы Ціханоўскай. Усе астатнія людзі там, каб проста дапамагчы. Каб яе падрыхтаваць, каб былі ўсе дакументы на месцы. У Франка з сабой заўжды торба, у якой ён возіць партатыўны прынтар. Торба Франка — гэта асобная гісторыя. Туды ўлазіць усё: касцюм, усе дакументы, прынтар. Я лічу, што там можна знайсці Крыж Еўфрасінні Полацкай, Грааль і сэнс жыцця (смяецца). А калі сур’ёзна, то часам вельмі трэба нешта памяняць і перарабіць. Я помню гэты спіч у Еўрапарламенце. Ужо гатовы, ужо ўсё там зроблена — мы едзем і з машыны дапрацоўваем апошнія штрыхі.
Звычайна на сустрэчах размаўляюць два чалавекі (часам могуць даваць слова іншым). Астатнія патрэбныя, каб нешта падказаць, профільнае штосьці ці нешта дакладнае, і потым працаваць па імплементацыі дамоўленасцяў.
Сустрэча з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам. Красавік 2022 года. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
— Колькі звычайна доўжыцца падрыхтоўка да паездкі?
— Па-нармальнаму, каб ідэальна зрабіць візіт, патрэбны месяц. Калі ты проста займаешся толькі гэтым візітам. Тады хапае часу, каб правесці поўную працу і нават пабыць «шэрпам». Гэта дыпламатычны жаргон. Калі чалавека ад кіраўніка дзяржавы ці ўрада адпраўляюць у краіну, каб правесці папярэднія перамовы, дамовы, каб ужо, калі дэлегацыя прыехала, было ўсё гатова і зроблена. Каб на сустрэчах ужо абмяркоўваліся фінальныя дэталі. Дарэчы, як правіла, «шэрпы» працуюць на вялікіх самітах.
— Колькі каштуе адзін візіт у сярэднім?
— Залежыць ад краіны, колькасці дзён, складанасці маршруту. Мы стараемся ўкласціся ў суму да 2,5 тыс. еўра. Калі візіт на адзін дзень, то і менш за тысячу еўра.
— Франак Вячорка заклікаў беларусаў фінансава падтрымліваць Офіс і Кабінет, бо вы, маўляў, часта едзеце і просіце штосьці аплаціць. Як гэта выглядае з пункту гледжання пратакола і дыпламатыі?
— Я з гэтым сутыкаюся штодзень. Ты аргнізоўваеш візіт, пытаеш пра ўмовы. Часам наўпрост кажуць, што гатовыя аплаціць выдаткі. Тут сказаць «дзякуй, не трэба» — гэта абразіць іншы бок. Можна проста спытаць. Ёсць спецыяльная дыпламатычная мова, як гэта зрабіць ненавязліва. Даведваешся пра некаторыя пратакольныя рэчы і ўдакладняеш, ці ёсць спецыяльныя зніжкі ці дамовы ў вашага МЗС з нейкім гатэлем. Яны разумеюць і кажуць, напрыклад, што ёсць такая і такая зніжка, а часам — што ўсё аплацяць. Вось мы былі, напрыклад, у Фінляндыі. Арганізатары аплацілі гатэль. Такая ж сітуацыя і з пералётам. Але мы стараемся зрабіць усё так, каб гэта было максімальна танна.
Я згодны з Франкам у тым сэнсе, што па-правільнаму, каб быць незалежнымі, трэба, каб было фінансаванне ад беларусаў.
— Якія падарункі вы дорыце і якія дораць вам? Што пра гэта кажа пратакол?
— Па-правільнаму пра ўсе падарункі трэба дамовіцца загадзя. Працоўныя візіты звычайна іх не прадугледжваюць. Але для нас вельмі важна дарыць падарункі, звязаныя з нашай краінай. Мы дорым сцягі, кнігі пра Беларусь, значкі розныя — то-бок нашы сімвалы і нашу культуру. Ціханоўская, калі ўручае сцягі, заўжды кажа: «Вось, трымайце, таму што хутка трэба будзе мяняць».
Таксама важны момант — як уручаць падарункі. Калі жорсткі пратакол, то часта кажуць «protocol to protocol». Гэта значыць, іх перадаюць ці праз пратакольную службу, ці праз дарадцаў. Але мы просім, каб гэта было «hаnd to hаnd», то бок наўпрост.
З падарункамі звязаная гісторыя з прэм’ер-міністрам Фінляндыі Саннай Марын. Кавідны час, абмежаванні, у памяшканні магло знаходзіцца не больш за 6 чалавек. У мітусні мы забылі ўручыць падарунак — кнігу аб прыродзе Беларусі (падарунак быў сімвалічны, бо Фінляндыю, як і Беларусь, называюць краем азёраў, і ў гэтым мы падобныя). А гэта было важна зрабіць, таму што Санна Марын уручыла Святлане падарунак. Паводле правілаў, калі табе дораць нешта, то і ты мусіш падарыць у адказ. У выніку я парушыў пратакол, выйшаў з машыны, падышоў да Санны Марын і кажу: «Спадарыня прэм’ер-міністр, мы забылі вам уручыць падарунак, але ён вельмі важны. Гэта сімвалічная і простая рэч, якая пакажа, як мы падобныя».
— За парушэнне пратакола няма нейкіх санкцый ці штрафаў?
— Не-не. Усе разумеюць, што бываюць адступленні ад правілаў.
— Якія падарункі дораць Святлане?
— Напрыклад, у Штатах Пэлосі (спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі. — Заўв. рэд.) падарыла прыгожую талерку з фрэскай, якая знаходзіцца ў Капітоліі. Энтані Блінкен (дзяржсакратар ЗША. — Заўв. рэд.) падарыў такую талерачку са сваім подпісам асабістым. Санна Марын падарыла блакітнага шклянога голуба. Медалі розныя, кнігі таксама дораць. Часта — шакалад ці цукеркі.
— Ці пячэнькі, як Джо Байдэн. Дарэчы, што вы з імі зрабілі?
— З'елі (смяецца). Печыва, дарэчы, падарыў Ціханоўскай і прэм’ер-міністр Канады Джасцін Трудо. Яно ў мяне засталося дагэтуль. А Святлана падарыла яму сцяг.
— Ёсць нейкая столь па суме? Ці можна падарыць «Тэслу» альбо «Майбах»?
— Не, нельга (смяецца). Падарункі не мусяць быць дарагімі.
Часта графік сустрэч Святланы Ціханоўскай вельмі шчыльны, і даводзіцца працаваць дапазна. Візіт у Осла, снежань 2022 года. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
«У Святланы ёсць стыліст, якому я дасылаю праграму»
— Ці ёсць у Ціханоўскай райдар, як у зорак?
— Яна просіць заўжды, каб была вада ў пакоі. І агулам каб была вада. А таксама гадзіну ў гатэлі пасля прылёту. З побытавых момантаў Святлана часта просіць на вячэру купіць кефір і банан, каб не выходзіць нікуды і не напружваць ахову без патрэбы.
Агулам яна патрабавальная да дакументаў і праграмы. Калі нешта ў праграме ссунецца на 10 хвілін у той ці іншы бок і гэтага не будзе ў яе праграме, то Ціханоўская гэта адразу заўважыць і адзначыць.
Звычайна ж фарміруюцца тры праграмы. Пратакольная, свая праграма для кіроўцаў (там увогуле пасекундна) і праграма Ціханоўскай. Ёсць біяграфіі і нейкія іншыя моманты.
Плюс самае галоўнае патрабаванне ў Ціханоўскай наконт інтэрв'ю — дакладна ведаць, ці будзе відэа, аўдыё, жывы эфір. Большасць маіх касякоў, за якія я атрымліваю, — гэта калі нешта памянялася, а я не дадаў. Ці, напрыклад, калі я сказаў, што будзе аўдыяінтэрв'ю. Яна прыходзіць — а там 5 камер. І ўсё, я ведаю гэты позірк (смяецца).
У нас таксама ёсць свая традыцыя. Паміж пералётамі ці ў вольную хвілінку, каб расслабіцца трохі, мы гуляем у словы (трэба адгадаць назоўнік па сіноніме). Калі ёсць нейкая паўза ці трэба разгрузіцца, то мы пачынаем гэтую гульню. Яна любімая ў Ціханоўскай.
— Ці абавязкова на такіх сустрэчах прытрымлівацца дрэс-коду? Можна прыйсці, умоўна, у джынсах і красоўках?
— Не. Гэтая частка пратакола прадугледжвае, што мусіць быць дрэс-код. Але пасля пачатку вайны ва Украіне шмат змянілася. Калі Зяленскі прыязджае на сустрэчы ці да яго едуць, то дрэс-код падстройваюць.
У астатніх жа выпадках ёсць пэўныя нормы. Звычайна яны залежаць ад характару запрашэння, мясцовых звычаяў і часу сутак. Касцюм ці спадніца з блузкай або швэдрам альбо простая сукенка ці штаны (не джынсы). Вылучаецца ў гэтым сэнсе прэм’ер-міністр Албаніі Эдзі Рама. У яго заўжды гальштукі рознакаляровыя, а часам і без гальштукаў. Ён можа і ў шортах у офіс прыйсці.
Адзінае, наконт чаго турбуецца ў гэтым сэнсе Святлана, — каб не быць у адным і тым жа з чалавекам, з якім сустракаецца. У Святланы ёсць стыліст, якому я дасылаю праграму. Яна глядзіць сустрэчы, глядзіць, у што апранаюцца гэтыя людзі, каб не паўтарыцца. Жанчынам, я лічу, складаней выбраць, што надзець, знайсці добры і недарагі касцюм. Ціханоўская ж у Prada не ходзіць.
— А дзе яна звычайна апранаецца? Гэта мас-маркет?
— З таго, што я ведаю, — і Zara, і Massimo Dutti, магчыма, Hugo Boss.
Мужчынам у гэтым сэнсе трохі прасцей, бо гарнітуры ўсё ж падобна выглядаюць — як правіла, сінія і шэрыя. Чорныя касцюмы па пратаколе не надзяваюць на сустрэчы.
— Чаму? Чорны — гэта колер жалобы?
— Яго выкарыстоўваюць звычайна для іншых выпадкаў. Ёсць, напрыклад, чорныя смокінгі, таксама ёсць спецыяльны дрэс-код, які быў у Осла на нобелеўскім банкеце.
Калі вы заўважалі, на сустрэчах ні ў кога няма цалкам чорнага гарнітура. Пуцін, дарэчы, парушае гэтае правіла. Думаю, ён хоча паказаць, што асаблівы.
— Ці ёсць нейкая мова адзення падчас візітаў? Як, напрыклад, фіялетавыя гальштукі ў Лукашэнкі і Пуціна.
— Агулам так, але гэта няпроста. Геній у гэтым сэнсе — нябожчыца экс-дзяжсакратар ЗША Мадлен Олбрайт (дарэчы, яна вельмі цёпла ставілася да Ціханоўскай, вельмі падобна было на адносіны бабулі і ўнучкі). Олбрайт карысталася брошкамі. Так, брошку ў выглядзе жука Олбрайт надзела на афіцыйную сустрэчу з расійскімі прадстаўнікамі, калі ў зале паседжанняў амерыканскія спецслужбы знайшлі «жучка». Калі Олбрайт хацела даць зразумець сваё адмоўнае стаўленне, то прышпільвала асу. Наконт Пуціна і Лукашэнкі — не ведаю. Магчыма, ім абодвум фіялетава на волю народа.
Экс-дзяржсакратар ЗША Мадлен Олбрайт падчас візіту Святланы Ціханоўскай у ЗША. Ліпень 2022 года. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
«Любыя чалавечыя эмоцыі, усё, што натуральна — гэта нармальна»
— Што робіце, калі ўсё ідзе не па плане?
— Калі ўсё ідзе не па плане, Святлана заўжды здзіўляецца: «Як ты можаш захоўваць спакой?» Вось Фінляндыя нядаўна. Снежань, самалёты кепска лётаюць. У нас вылет у 10.00, прылёт у 11.50, а ў 13.15 сустрэча з Саннай Марын. Вельмі важная сустрэча. Здавалася б, ёсць час, каб прыляцець і паспець — гадзіна. Але на дзве гадзіны спазняецца рэйс. Тут ты нічога не можаш зрабіць — надвор’е. Я ўжо на сувязі з дарадцам Марын, пратаколам, мы шукаем варыянты. Я ведаю, што Марын трэба вылятаць у Брусель. Шукаем, што і як пасунуць. У выніку Святлана і Санна Марын сустрэліся, хоць мы спазніліся на дзве гадзіны.
— Вось ты кажаш, што некаторыя сустрэчы доўжацца ўсяго 30 хвілін. Хіба можна дамовіцца пра нешта на такім узроўні?
— Класна, калі вялікія сустрэчы, калі ёсць час. Але тут я згодны з Чэрчылем, які казаў, што няма такога канфлікту, які нельга было б вырашыць за 20 хвілін. Я бачыў, як Ціханоўская дамаўлялася і за 5 хвілін. У Бруселі на саміце Усходняга партнёрства мы трапілі ў пратакольнае пекла. Таму што трэба было за 3 гадзіны зрабіць шэсць сустрэч з шасцю прэм’ер-міністрамі — Фінляндыі, Славакіі, Славеніі, Аўстрыі, Бельгіі, Люксембурга. А ў кожнага свой час, кожны можа толькі вось у гэтыя хвіліны, і месца ў кожнага таксама сваё: хтосьці можа ў гатэлі, хтосьці — толькі ў сваім прадстаўніцтве. А сустрэцца з кожным важна. І як гэта ўсё арганізаваць у Бруселі, дзе такі складаны рух? Але ўдалося, там 10 хвілін, там — 15, тут — 5.
Дыпламатычныя адносіны часта грунтуюцца не толькі на тваім уменні пераканаць, сказаць, што важна, але і на асабістых адносінах. Вось міністр замежных спраў, напрыклад, Эстоніі ці прэзідэнт Польшчы Дуда. Трэба яшчэ паглядзець, ці сустракаўся Дуда з кімсьці часцей, чым з Ціханоўскай, за апошнія два гады. Ну можа, толькі з Зяленскім. Ён са Святланай бачыўся 8 разоў і меў 2 званкі. Гэта паказвае сімпатыю да народа і ў тым ліку да Святланы Ціханоўскай асабіста.
Таму на такіх сустрэчах часам бывае добра і проста паразмаўляць. У снежні была цікавая сітуацыя ў Швецыі з прэм’ер-міністрам Ульфам Крыстэрсанам. Святлана з ім сустракалася некалькі разоў да гэтага, калі ён яшчэ не быў прэм’ерам. І вось першае, што яна кажа на сустрэчы (а вельмі важна пачаць правільна): «Спадар прэм’ер, першае, што хацела б спытаць. Я ехала на сустрэчу і думала, як вас называць: Ульф ці спадар прэм’ер-міністр?» І ўсё, ён адразу ўсміхаецца і кажа: «Лепей Ульф, бо гэта маё імя». І ўсё, гэта разнявольвае абстаноўку. Асабістыя стасункі — яны важныя.
— Што ні ў якім разе нельга рабіць падчас візітаў? Ці ёсць нейкі негалосны спіс правілаў? Можа, нельга плакаць?
— Не, любыя чалавечыя эмоцыі, усё, што натуральна — гэта нармальна. Але нельга ўсё, што можа быць прачытана як непавага ці дэмарш. Напрыклад, устаць і дэманстратыўна сысці з сустрэчы — гэта чырвоная лінія. Альбо калі ў цябе сустрэча на 30 хвілін, сказаць пасля 10, што ты сыходзіш. Дарэчы, было ў нас такое. Кастрычнік 2020 года, Святлана сустракалася з Олафам Шольцам (канцлер Германіі. — Заўв. рэд.). Мяне тады не было, а яна не ведала, як скончыць размову. І скончыла раней.
— І што ў выніку? Як гэта ўспрыняў Шольц?
— Дакладна не ведаю, думаю, трохі мог здзівіцца. Але падумаў, напэўна, што нешта здарылася з раскладам, што вымагае такой змены.
— Вельмі часта падчас сустрэч прэзідэнты і прэм’еры наведваюць розныя помнікі ці музеі. Не зусім зразумела, навошта гэта.
— Гэта называецца публічная дыпламатыя. Тут ёсць два вельмі важныя аспекты. Першы: мы ўсюды шукаем нешта беларускае. Гэта вельмі важна. Вось, напрыклад, у мяне гальштук з Шагалам. На яго звернуць увагу, а я падкрэслю, што гэты мастак нарадзіўся ў Віцебску. Ён не з Расіі, а з Беларусі.
Альбо вось сустракалася Святлана Ціханоўская з экс-прэзідэнтам Чылі Рыкарда Лагасам. Сядзяць, размаўляюць, і згадалі Ігната Дамейку, пра тое, што ён герой і Чылі, і Беларусі. «Праўда? З Беларусі?» — здзівіўся ён. Краіна на іншым канцы свету, а так збліжае гэты факт. Таму ты можаш агучваць пазіцыі, пераконваць, але раскажаш адзін такі факт — і ёсць сувязь. Ці вось калі сядзелі з колішнім прэм’ерам Грэцыі Андрэасам Папандрэу. Ён кажа: «А вы ведаеце, што ў мяне прадзед быў удзельнікам паўстання Кастуся Каліноўскага?» Такія рэчы збліжаюць.
Другая ж частка — гэта гісторыя краіны, у якую ты прыязджаеш. Калі Святлана наведвае, напрыклад, месцы студэнцкіх паўстанняў у Грэцыі ці месцы, дзе забівалі людзей у Румыніі ў пачатку рэвалюцыі, яна паказвае, што дбае пра іх культуру таксама, што мы разумеем іх боль і маем эмпатыю да іх гісторыі.
Таксама мы звычайна рыхтуем для Святланы дакумент хэдлайнераў. Туды мы ўключаем ідэі і метафары, якія яна можа выкарыстаць падчас інтэрв'ю ў той ці іншай краіне. Напрыклад, калі мы былі ў Іспаніі, яна гаварыла ў гутарках з журналістамі: «Вы можаце ўявіць, што Рафаэль Надаль ці Крышціяну Раналду выйшлі на вуліцу выказаць сваё меркаванне, а іх затрымалі?» Яны: «Не, вядома». А вось у нас Леўчанка, паглядзіце.
Ціханоўская з візітам у Францыю. Парыж, кастрычнік 2022 года. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
«Байдэн пачаў званок са словаў: «Прывітанне! Гэта Джо Байдэн»
— Самы цікавы з пункту гледжання пратакола візіт?
— Ёсць розныя ўзроўні цікавасці. Калі цябе прымаюць на высокім узроўні, то заўжды цікава працаваць. Супрацоўнікі службы пратакола мне шмат цікавага расказваюць. Напрыклад, пра Трудо. Яго ж бацька таксама быў прэм’ер-міністрам, у ягоны гонар аэрапорт названы. Я пытаю ў канадскіх калег: «Дык ён цяпер жыве ў рэзідэнцыі, дзе яшчэ дзіцем жыў?» А мне кажуць: «Не, рэзідэнцыя з 2015 года на рэстаўрацыі. А ён якраз у гэты час прыйшоў на пасаду». З Трудо тады ўвогуле была вельмі цікавая сустрэча, адразу было бачна, што чалавек ведае сітуацыю і дэталі. Ён сказаў: «Я ведаю, што беларусы не падтрымліваюць вайну. Вам у 2020-м трохі не хапіла для перамогі». У Святланы пытаў: «Як там Сяргей?»
У ЗША таксама было цікава. Гэта іншы тып пратакола. Як заязджаць у Белы дом, як туды заходзіць. Калі, напрыклад, хтосьці не на тым месцы ў машыне сядзіць, не так, як было заяўлена, машыну не прапусцяць. Там узровень бяспекі вельмі высокі.
Плюс візіты, дзе адбывалася нешта незвычайнае. Напрыклад, званок Байдэна. Фізічна не атрымалася сустрэцца праз расклад. Але ягоная памочніца набрала Франка. І ў выніку яны са Святланай сазваніліся, калі Байдэн быў у самалёце. Цікава, што ён пачаў званок са словаў: «Прывітанне! Гэта Джо Байдэн». Святлана спачатку адказала: «Добры дзень, Джо Байдэн». Потым перайшла на «містар прэзідэнт», і далей была размова.
Заўсёды запамінаюцца сустрэчы, звязаныя з беларусамі. Напрыклад, з Алесем Бяляцкім. Гэта была адна з першых іх сустрэч са Святланай. Мы былі ў Жэневе на фестывалі па правах чалавека і жылі ў адным гатэлі. Пасля выступаў прыйшлі ў нумар да мяне ці Франка, адкаркавалі бутэльку віна, што купілі ў супермаркеце. Святлана ў яго спытала: «Ці ўсё я правільна раблю? Ці гэтая міжнародная дзейнасць дапамагае?» Ён кажа: «Святлана, вы — адзінае святло ў гэтай цемры. Працуйце далей, гэта дапамагае прыцягваць увагу». Мы паразмаўлялі, і ён у канцы кажа: «Ну, мне заўтра ўжо ў Беларусь». І Святлана кажа: «А вы не баіцеся?» Ён: «Не. Я ведаю, што там і як». Пасля ён яшчэ раз з’ездзіў на канферэнцыю ў Вільню. А потым яго затрымалі.
Да сустрэчы з Чырвоным Крыжам у Швейцарыі мы папрасілі далучыцца Сашу Філіпенку. Ён жа напісаў кнігу пра Чырвоны Крыж 1940-х гадоў. А мы прасілі, каб арганізацыя не супрацоўнічала з рэжымам, дапамагала палітвязням і гэтак далей. Саша пачаў расказваць, што робіцца ў ЦІП на Акрэсціна. Прадстаўнікі Чырвонага Крыжа сядзелі і здзіўлена слухалі. Яны ад Сашы былі проста ў шоку. І гэта часам вельмі карысна, калі ёсць іншы голас, часам менш дыпламатычны, вастрэйшы.
Святлана Ціханоўская і Саша Філіпенка ў Францыі. Ліпень 2022 года. Фота: Facebook Сашы Філіпенкі
— Ці былі ў вас кур’ёзныя гісторыі?
— Былі. Ісландыя. Перад сустрэчай з прэм’ер-міністрам Катрын Якабсдоўцір у момант, калі віталіся з дэлегацыяй, кіраўніца камунікацыйнай каманды Насця Рагатко не заўважыла важнасці моманту, і калі падышла яе чарга, працягвала нешта пісаць у працоўны чацік. Прэм’ер заўважыла, але ўсё зразумела (сама колішняя журналістка), разам пасмяяліся, кажам: «Ну, усё лагічна, камунікацыйная каманда не спыняе сваёй працы ніколі».
Францыя. Сустрэча з экс-міністрам замежных справаў Жан-Івам Лё Дрыянам. Вельмі прыгожы палац, антураж, у пакоі стаіць ложак аднаго з французскіх манархаў. Максімальны цырыманіял. Найважнейшая сустрэча (адбывалася ў першы дзень вайны). Пачынаецца сустрэча, наліваю сабе кавы з імбрыка — і паўлітра на стол. Ніхто нібыта не заўважыў, ідзе сустрэча далей, а я ліхаманкава, але ціхенька, усімі паперкамі, што маю, як запраўскі сантэхнік, спрабую ліквідаваць працёк.
— Колькі візітаў было за гэтыя гады? Як лічыце, ці апраўданыя яны?
— Усяго было 86 ці 88. Ведаеш, я, калі ішоў на інтэрв'ю, думаў, ці трэба было так шмат. Людзі могуць не разумець. Але мне прыйшло ў галаву вось якое параўнанне з футболам. У 2020 годзе беларусы як каманда трапілі ў плэй-оф чэмпіянату свету па барацьбе дэмакратыі супраць дыктатуры. Усе пачалі сачыць за намі: ёсць шанец на перамогу. Мы тады забівалі шмат галоў — былі пратэсты, працавала Ціханоўская, было больш незалежных медыя. Пасля рэжым пачаў адыгрывацца. Ён зразумеў пэўныя нашы тактыкі і прымяніў сваю — затрымліваць, саджаць, закрываць. Яны пачалі забіваць галы. І цяпер таксама перыяд, калі нам забіваюць галы. Напрыклад, тое, што з нашай тэрыторыі ляцяць ракеты — гэта дубль у нашыя вароты. І мы ў апошнія месяцы спрабавалі адыграцца. Штосьці атрымалася, штосьці — не. Гэта нармальна. Як у футболе. Тое, што беларусам даюць візы, што не змяшалі з рускімі, што беларусы — асобны народ, гэта ўдалося. Без гэтага нас маглі з ЧС выключыць. І калі спыніцца, то нібыта матч скончаны, 90-я хвіліна, усё. У вас быў добры першы тайм, вы добра адбегалі, пазабівалі прыгожыя галы, але вылятаеце. А мы спрабуем утрымацца, перавесці гульню у овертайм і пры нагодзе перамагчы.
Але праблема цяпер у тым, што супернік, з якім мы гуляем, не выконвае правілы. Яму пофігу афсайды, ён траўмуе нашых гульцоў, а кагосьці ўвогуле пасадзіў, хтосьці расчараваўся і махнуў рукой. Наша каманда зменшылася. А немагчыма перамагчы, калі ў цябе з 11 гульцоў толькі пяць. І тут беларусам важна разумець, што мы ўсё ж такі каманда. Трэба рабіць так, каб нас было 11. Няхай не кожны будзе выкладвацца на 100%, але каб усе былі ў камандзе, не сыходзіць, гуляць да канца. А калі ты вырашыў павесіць бутсы на цвік, то будзь хаця б заўзятарам — тым, хто падтрымлівае і выступае за перамены. Мне падаецца, калі нас будзе 11, то шанец на перамогу ёсць.