«Беларускія песняры» спявалі на «Блакітным агеньчыку» з віншаваннямі Кісялёва ды Салаўёва і жартамі Петрасяна пра Украіну
«Няправільных» артыстаў замянілі вайскоўцамі, а рэпертуар склалі пераважна савецкія хіты.
02.01.2023 / 17:30
Пасля пачатку вайны з расійскага тэлебачання зніклі забаўляльныя перадачы. Але ў лістападзе прапаганда паабяцала гледачам стварыць на святы «навагодні настрой, нягледзячы на ўсе змены ў Расіі і свеце».
У навагоднюю ноч на канале «Расія 1» паказалі «Блакітны агеньчык» з традыцыйным чаргаваннем выступаў і святочных віншаванняў гасцей. Але без змен не абышлося: артыстаў, якія выступілі супраць вайны, замянілі ў зале на вайскоўцаў. Яны віншавалі гледачоў у кампаніі з ваенкарамі і прапагандыстамі кшталту Уладзіміра Салаўёва і Дзмітрыя Кісялёва.
Спевакоў і акцёраў, якія падтрымліваюць расійскую агрэсію, аказалася няшмат, таму некаторым давялося спяваць па дзве песні.
Не абышлося без «гумару». 77-гадовы Яўген Петрасян расказаў барадатыя анекдоты пра ўкраінцаў і пра стаўленне да расіян за мяжой.
Скончыў жа свой выступ гумарыст вершам: «Если ты поел, помылся, дома у тебя тепло, значит, русским ты родился — со страною повезло».
Але гэта быў не самы крындж. Каб стварыць савецкую атмасферу, «як было раней», на «агеньчык» запрасілі «замежных» артыстаў. Таісія Павалій, якая даўно жыве ў Расіі і выступала пасля пачатку вайны на Краснай плошчы, праспявала «Чэрвону руту».
Госці дэманстравалі штучную весялосць і спрабавалі падпяваць песні, напісанай кампазітарам Уладзімірам Івасюком, якога ў 1979 годзе забіў КДБ.
Пасля ў навагоднюю ноч для расіян выступілі «Беларускія песняры» з песняй «Белавежская пушча». Гурт, пра які апошнія гады мала што чуваць, дазволіў сябе выкарыстаць у прапагандысцкім канцэрце.
Гурт «Беларускія песняры» створаны ў 1998 годзе. Разам з дзяржаўным ансамблем «Песняры» з'яўляецца афіцыйным пераемнікам мулявінскага ВІА. Салісты — Валер Дайнека і Ігар Пеня.
Гэтым беларускае прадстаўніцтва не абмежавалася. Наталля Падольская, якая вясной выступала на канцэрце ў падтрымку вайны і анексіі Крыма, спявала разам са сваім мужам Уладзімірам Прасняковым.
Падчас трансляцыі «Блакітнага агеньчыка», які мусіў стварыць «святочную атмасферу», Расія чарговы раз атакавала іранскімі дронамі ўкраінскія гарады.