Джуліян Асанж папросіць адпусціць яго з турмы на пахаванне Віўен Вествуд
Заснавальнік партала «Вікілікс» Джуліян Асанж папросіць адпусціць яго з брытанскай турмы строгага рэжыму Белмарш на пахаванне вядомай дызайнеркі Віўен Вествуд, паведамляе Бі-бі-сі.
31.12.2022 / 22:31
У 2020 годзе Вествуд падвесіла сябе ў клетцы, выступаючы ў падтрымку Асанжа. Фота: AP
Вествуд, якая памерла ў Лондане 29 снежня, была шматгадовай прыхільніцай і прыяцелькай Асанжа. У 2020 годзе дызайнер і актывістка змясціла сябе ў вялізную птушыную клетку, падвешаную на вышыні каля трох метраў ля цэнтральнага крымінальнага суда ў знак пратэсту супраць турэмнага зняволення заснавальніка «Вікілікс».
Пра тое, што Асанж збіраецца прасіць дазволіць яму пайсці на пахаванне, у інтэрв'ю аўстралійскім СМІ сказала яго жонка Стэла. «Яна была вялікім сябрам і важным прыхільнікам — для нас гэта велізарная страта», — сказала яна.
Прадстаўнік Брытанскай пенітэнцыярнай службы Алан Сэлбі ў гутарцы з Бі-бі-сі сказаў, што просьба Асанжа наўрад ці будзе задаволеная — як правіла, зняволеных адпускаюць толькі на пахаванне блізкіх сваякоў.
Прамой забароны на тое, каб дазваляць зняволеным наведваць пахаванне сяброў, зрэшты, таксама няма, таму, верагодна, рашэнне будзе прымаць непасрэдна адміністрацыя турмы, дадаў Сэлбі.
У адпаведнай інструкцыі гаворыцца, што пры разглядзе прашэнняў аб такіх адпачынках варта «суадносіць меркаванні бяспекі з меркаваннямі прыстойнасці». Адмаўляць у іх дапускаецца толькі на падставе пагроз для бяспекі.
Віўен Вествуд памерла ў мінулы чацвер на 82-м годзе жыцця ў асяроддзі сваёй сям'і. Жонка Асанжа пасля яе смерці апублікавала кароткую заяву мужа: «Віўен была дамай і стаўпом антыістэблішменту. Смелая, творчая, удумлівая і добры сябар. Найлепшая прадстаўніца Брытаніі. Мне і многім іншым будзе яе жудасна бракаваць».
Вествуд выступала за вызваленне Асанжа, які цяпер чакае экстрадыцыі ў ЗША рашэннем брытанскага суда. У ЗША Асанжу пагражае пажыццёвае зняволенне за разгалошванне дзяржтаямніцы.
У ліпені ён падаў апеляцыю на рашэнне аб экстрадыцыі ў брытанскі Вярхоўны суд.