Geely ў Беларусі выпусціў новы бюджэтны седан. Колькі каштуе «народны» аўтамабіль?
Больш за год беларуска-кітайскі вытворца «БелДжы» прадаваў толькі красоверы. За некалькі дзён да Новага года беларусам прэзентавалі легкавік у кузаве седан. Гэта будзе самы танны аўтамабіль у лінейцы Geely.
29.12.2022 / 14:52
Фота: geely.by
Пад капотам у Geely Emgrand New бензінавы рухавік аб'ёмам 1,5 літра магутнасцю 114 конскіх сіл. На бягучы момант аўтамабіль дасяжны ў двух варыянтах камплектацыі: Standart і Flagship.
Седан у стандартнай камплектацыі з механічнай каробкай перадач каштуе 45 200 рублёў, што складае каля 16 700 даляраў.
Аўтамабіль у камплектацыі Flagship мае аўтаматычную каробку перадач і багацейшае аздабленне. Яго цана 54 200 рублёў (каля 20 000$).
Інтэр'ер Geely Emgrand New у камплектацыі Flagship. Фота: geely.by
Да з'яўлення Emgrand New самым танным аўтамабілем маркі, дасяжным на беларускім рынку, заставаўся паркетнік Сoolray, яго можна набыць па цэнах ад 62 815 рублёў (каля 23 200$).
Новы седан ад «БелДжы» стане адным з самых даступных аўто ў сваім класе. Магчыма, што, дзякуючы выхаду на рынак бюджэтнай мадэлі, аўтамабілі беларуска-кітайскай вытворчасці стануць самымі прадаванымі сярод новых аўтамабіляў у краіне, бо выпуск заходніх аўтамабіляў расійскай зборкі ўпаў у выніку санкцый.
Фота: geely.by
Па выніках 11 месяцаў 2022 года лідарам на рынку застаецца марка LADA — з вынікам 3 698 аўтамабіляў. Geely займае другую пазіцыю з 3 197 прададзенымі машынамі. Цікава, што 81% усяго аўтамабільнага рынку легкавых аўтамабіляў Беларусі ў лістападзе 2022 года склаў брэнд Geely.
На куплю новых Emgrand New будуць дзейнічаць ільготныя фінансавыя праграмы — крэдыт і лізінг ад 5% да 10 гадоў у беларускіх рублях. Першапачатковы ўнёсак — ад 25% ад кошту аўтамабіля.