Булачкі з карыцай. Стары рэцэпт сям’і столінскай шляхты

Смак свежай выпечкі ўздымае настрой, а пах карыцы дадасць цеплыні ў гэтыя зімовыя дні.

15.01.2023 / 20:47

Сухія дрожджы з разліку на 1 кг мукі развесці ў шклянцы злёгку цёплага (не гарачага!) малака і дадаць 1 чайную лыжку цукру. Паставіць у цёплае месца, пакуль не зашумяць.

Муку прасеяць.

2 яйкі з паловай шклянкі цукру расцерці да аднароднай масы.

100 грамаў масла растапіць і астудзіць.

Змяшаць муку, яйкі і масла, уліць дрожджы і замясіць цеста. Цеста мусіць адставаць ад рук, міскі, але не быць крутым. Сфармаваць шар, накрыць вільготным ручніком і даць пастаяць гадзінку ў цёплым месцы, каб падышло.

Карыцу змяшаем з цукрам (карычневы + белы, напалову).

Цеста яшчэ раз перамінаем, дзелім на два кавалкі. Раскачваем кавалак у прамавугольнік, змазваем злёгку растопленым маслам і пасыпаем цукрам з карыцай. Скручваем у рулет.

Рулет наразаем на кавалачкі 5—7 см, зашчыпваем з аднаго боку і выкладваем на змазаную алеем бляху. Тое ж робім і з другім кавалкам.

Выпякаем пры тэмпературы 180 градусаў да гатоўнасці.

2 лыжачкі мяккага размякчанага масла змешваем з 4 лыжкамі маскарпонэ ці падобнага да яго сыру і дадаём цукровую пудру. Гарачыя булачкі змазваем крэмам і даём высахнуць.

Смачна есці!

Nashaniva.com