«Трэба год, каб пачаць выходзіць у плюс». Беларуска адкрыла салон штор у цэнтры Варшавы і расказвае, як перазапусціць бізнэс за мяжой

Алена Бачыла аддала ўлюбёнай справе дваццаць гадоў. У Мінску ў яе была свая дызайн-студыя тэкстылю і ўласная швейная вытворчасць. Год таму праз рэпрэсіі давялося ўсё кінуць і пераехаць. Цяпер у Алены салон штор у цэнтры Варшавы. Яна расказала, як аднаўляла свой бізнэс за мяжой, у чым розніца беларускага і польскага рынкаў і што стала нечаканым.

27.12.2022 / 21:58

«Я не ўяўляла, што ў мяне можа быць нейкая іншая праца»

Сям’я Алены актыўна ўдзельнічала ў пратэстах. Сын быў у студэнцкім страйкаме, двойчы атрымліваў «адміністратыўкі».

«Ён з'ехаў яшчэ ў 2020-м, і гэта было своечасова, — расказвае яна. — Пра нас напісалі ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў, пачалі прыходзіць нейкія людзі, калі нас не было дома. Яны пыталіся ў суседзяў пра нашу сям'ю. Зразумелі, што стала небяспечна, і вырашылі з'ехаць». 

Месяц сям’я жыла ва Украіне, а пасля пераехала ў Польшчу. У Варшаве яны месяц знаходзіліся ў лагеры для бежанцаў, тады Алена ўладкавалася краўчыхай па найме.

«Напісала рэзюмэ, адправіла фірмам, якія знайшла. Мне, дарэчы, адказалі тры, канкуравалі між сабой, каб узяць мяне на працу. Плацілі ў адным месцы 17 злотых (3,88 даляра) за гадзіну, потым у іншым — 19 злотых (4,34 даляра). Была магчымасць працаваць у суботу па падвойным тарыфе, таму за месяц у мяне атрымлівалася 4-5 тысяч злотых (914-1143 даляраў). 

Мне здалося, магчыма, гэта суб'ектыўна, што нас тут не вельмі хочуць бачыць як канкурэнтаў. Спрабавала прапанаваць тыя ці іншыя тэхналогіі, але мне ўвесь час казалі, што рабі як робіш, цябе ніхто не пытаецца.

У нейкі момант зразумела, што пасля 20 гадоў на пасадзе кіраўніка я не магу рабіць проста выканальніцкую працу.

Параілася з мужам. Ён яшчэ тады падаваў дакументы на пацвярджэнне таго, што ён доктар, але атрымаў адмову. Вырашылі, што ўсе свае зберажэнні аддамо на адкрыццё тэкстыльнага бізнэсу», — расказвае яна.

Два месяцы таму Алена адкрыла свой салон штор амаль у цэнтры Варшавы. 

«Я не ўяўляла, што ў мяне можа быць нейкая іншая праца. Гэта любімая справа. 

Увогуле ўсё жыццё за швейнай машынкай, хадзіла вучыцца на самыя розныя курсы па тэхналогіях пашыву. Хаця па адукацыі я інжынер», — кажа яна. 

«З цяжкасцямі падчас адкрыцця бізнэсу ў Польшчы не сутыкнулася» 

Швейны цэх, які быў у Алены ў Мінску, жанчыне амаль поўнасцю ўдалося перавезці. 

«Калекцыю штор, наладжванне паставак — гэта пачыналі з нуля. Тое, што мы перавезлі, — некалькі швейных машын, тэхнічнае абсталяванне працоўных месцаў. Вядома, гэта рабілася ўсё неафіцыйна. Дамаўляліся ў прыватным парадку, перавозілі па частках», — расказвае яна. 

Калі Алена вырашыла адкрываць бізнэс, у першую чаргу яна звярнулася ў Асацыяцыю беларускага бізнэсу за мяжой па інфармацыйную падтрымку. 

«Яны далі кантакты беларуса, які ў Польшчы займаецца адкрыццём фірмаў, — кажа яна. — Ён даў мне некалькі бясплатных кансультацый, дапамаглі таксама абраць зручную сістэму падаткаабкладання, а іх у Польшчы чатыры. Паколькі да гэтага моманту мы атрымалі міжнародную абарону, я змагла адкрыць ІП.

Яшчэ ў Варшаве арганізавалася Асацыяцыя архітэктараў і дызайнераў з Беларусі. Там ужо каля ста чалавек. Пагутарыла з імі і зразумела, што сярод дыяспары ў Польшчы сапраўды ёсць попыт на мае паслугі. Гэта дало мне ўпэўненасці, што ўсё раблю правільна».

На старце Алена ўклала ў бізнэс больш, чым чакала, — каля 25 тысяч даляраў.

«Арэндадаўца абавязаў нас аплаціць арэнду памяшкання за тры месяцы. За адзін месяц — 1000 даляраў. Памяшканне — 62 квадратныя метры, кошт яшчэ нармальны, таму што гэты будынак стары — 1866 года. Але нам ён вельмі спадабаўся, вялізныя вокны, сцены з цэглы. Гэта тое, што трэба для салона штор. Купілі ўзоры тканін, мэблю, заплацілі за адкрыццё фірмы 350 злотых (80 даляраў). У цэлым ні з якімі цяжкасцямі падчас адкрыцця бізнэсу тут не сутыкнулася. 

У цэх пакуль супрацоўнікаў на пастаянную працу не набірала, бяру людзей на падпрацоўку, шукаю праз сацсеткі. Мне патрэбныя супрацоўнікі, у якіх я буду ўпэўнена. Думаю, што пасля Новага года ўжо буду афармляць, знайшла некалькі кандыдатаў», — дзеліцца яна. 

«Трэба каля года, каб «адбіць» грошы і пачаць выходзіць у плюс»

Алена адзначае, што спецыфіка польскага рынку значна адрозніваецца ад беларускага. Напрыклад, культура спажывання, на яе думку, завязана на «хутка» і «нядорага». 

«У Беларусі і ў Расіі былі ў нас кліенты, якія паўгода сядзелі на грэцкай кашы, умоўна, але куплялі дарагія шторы, бо гэта інвестыцыя на гады, — тлумачыць яна.

— Нават калі мы збіралі сваю калекцыю тканін, пастаўшчыкі прапанавалі зусім іншыя прадукты. Я б сказала, што рынак дастаткова бедны, але беларусы, якія тут у гэтай галіне працуюць даўно, мяне супакойваюць, кажуць, што канкурэнцыі ў сферы няма. 

Пакуль тут працавала краўчыхай, зразумела, што па тэхналогіях мы далёка наперадзе».

Яшчэ адзін момант — усе тканіны падаюцца Алене аднолькавымі. Няма шырокай лінейкі, да якой жанчына прывыкла. 

«Плануем у студзені паехаць на выставу тканін у Франкфурце, прывезці нешта больш цікавае, — кажа яна. —

Мне трэба каля года, каб «адбіць» грошы і пачаць выходзіць у плюс. Цяпер актыўна вучу польскую мову, каб пашырацца на польскіх пакупнікоў. Быў крыху негатыўны досвед, калі я працавала па найме швачкай, тады зусім яшчэ не ведала польскую. Адчувала, што я для іх іншага гатунку чалавек. Для вядзення бізнэсу тут сапраўды важна ведаць польскую».

«Тэкстыльны рынак у Беларусі працуе па «шэрай» схеме» 

Алена параўноўвае ўмовы для вядзення бізнэсу ў Беларусі і Польшчы. 

«У Польшчы адкрыць бізнэс прасцей і хутчэй, менш бюракратычных працэдур для вядзення бухгалтарскага ўліку, гэта робіцца дыстанцыйна.

Няма эмацыйнага напружання ў зносінах з адміністрацыйнымі інстанцыямі, як у Беларусі, дзе табе ўвесь час даюць зразумець, што ты абавязаны ім усім. Амаль адсутнічаюць умовы, якія прымушалі б выкарыстоўваць «шэрыя» схемы закупкі матэрыялаў», — пералічвае жанчына. 

Пра апошняе Алена тлумачыць асобна. 

«Увесь тэкстыльны рынак у Беларусі працуе па «шэрай» схеме. Мы куплялі тканіны ў Маскве. Гэта быў аўтобус, які прывозіў нам іх, расплачваліся гатоўкай. Так працавала ўсе 20 гадоў. 

У гэтай адзінай мытнай прасторы ўсё роўна была розніца ў падатковых сістэмах і падатку на дадатковую вартасць. У Беларусі — 18 адсоткаў, у Расіі — 20. Атрымліваецца, што гэтыя 2 адсоткі трэба потым камусьці вяртаць. Мне растлумачылі, што ніхто важдацца з гэтым не хоча. Маскоўскія фірмы адмаўляліся з намі працаваць па безнаяўным разліку, па афіцыйных схемах», — расказвае яна. 

Звярталіся наўпрост да пастаўшчыкоў тканін у Еўрасаюзе. Яны, па словах жанчыны, адказвалі, што так працаваць не могуць, абавязаныя рабіць гэта праз сваіх афіцыйных прадстаўнікоў. 

«А тыя, якія працуюць з Беларуссю, усе ў Маскве», — кажа яна.

Алена і яе сын Іван паказваюць тканіны

Алена адзначае, што ў Польшчы высокія падаткі. 

«Але добра тое, што нават калі мы працуем без ПДВ, усё роўна абкладаецца толькі «чысты» даход, не ўся выручка. Тое, што мы трацім на патрэбы прадпрыемства, не абкладаецца падаткам.

Калі нашы выдаткі перавышаюць даходы — падаткі наогул не трэба плаціць. Аплачваем толькі страхоўку — 207 злотых (47 даляраў).

У Беларусі працавалі па спрошчанай схеме, без ПДВ, плацілі 5 працэнтаў ад усёй выручкі незалежна ад таго, якія ў нас былі выдаткі. Нявыгадна гэта было ў тым плане, што выдаткі на патрэбы прадпрыемства не ўлічваліся», — расказвае яна. 

«Для мяне было страшна проста спыніцца і нічога не рабіць»

Жанчына кажа, што ў цэлым бізнэс у Беларусі ішоў нядрэнна, але не без крызісаў. 

«Да моманту, калі мы з'язджалі, удзельнічалі ў міжнародным конкурсе. Па яго выніках ўвайшлі ў топ-50 найлепшых тэкстыльных дэкаратараў СНД. Работы маёй каманды сталі адзінымі з Беларусі, якія ўвайшлі ў гэты топ», — дзеліцца яна.

Пытанні па закрыцці бізнэсу ў Беларусі Алена вырашыла дыстанцыйна. Грошы, якія былі на рахунку фірмы, пайшлі на пагашэнне арэнды, выплату заробкаў. 

«Тут мы стартавалі са сваіх асабістых зберажэнняў. Для мяне было страшна не адкрыць бізнэс, а проста спыніцца і нічога не рабіць. Мусіць, проста ўжо звычка. 

За 20 гадоў кліенцкая база ў нас склалася вялізная. Узровень даверу быў вельмі высокі, з апошнімі замоўцамі мы нават знаёміліся ўжо непасрэдна на аб'екце. Вядома, з-за гэтага было вельмі балюча, калі мы з'язджалі.

З Беларуссю мы працягваем працаваць. Заказчыкі звяртаюцца — мы адшываем тут і адпраўляем туды. Хачу максімальна захаваць гэтую базу. Таксама многія, хто з'ехаў, да нас звяртаюцца. Шыем, напрыклад, зараз шторы нашым кліентам у Браціславу. 

Усё ж спадзяюся, што калісьці зможам вярнуцца ці хаця б будзе магчымасць ездзіць у Беларусь.

З планаў: сабраць нанава моцную, прафесійную каманду, выйсці і замацавацца на еўрапейскім рынку», — падсумоўвае Алена. 

Чытайце таксама: 

Як ураджэнка Пінска стала мільянеркай за мяжой і прадае вясельныя сукенкі за тысячы даляраў

«Для не IT-кампаніі рэлакацыя практычна немагчымая». Што адбываецца з бізнэсам у Беларусі і чаму «старт з нуля» ў іншай краіне гэта выйсце — меркаванне

«Усе нашы кіроўцы — беларусы. Плацім ім не менш за $1000 «чыстымі». Як беларус адкрыў службу таксі ў Познані

Nashaniva.com