Луцкі: «Жыццё ў краіне працягваецца … дзякуючы Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку»
«Адна супольная мэта — выстаяць на чарговым вітку цывілізацыйнага крызісу», — так называецца інтэрв'ю, якое даў часопісу «Беларуская думка» намеснік кіраўніка лукашэнкаўскай адміністрацыі Ігар Луцкі.
26.12.2022 / 18:29
Аляксандр і Мікалай Лукашэнкі на саміце СНД у Санкт-Пецярбургу. Снежань 2022. Скрыншот з відэа
Якім запомніцца год гістарычнай памяці і якое значэнне ён мае для будучыні Беларусі, якія тэндэнцыі склаліся ў 2022-м у інфармацыйнай палітыцы і грамадскім развіцці, — такія пытанні часопіс лукашэнкаўскай адміністрацыі задаў чалавеку, які адказвае за ідэалагічную сферу, — Ігару Луцкаму.
«Для Беларусі адыходзячы 2022-гі быў няпростым, але выніковым. Атрымалася тое, што яшчэ ў пачатку года здавалася практычна немагчымым», — сказаў ідэолаг.
Са слоў Луцкага вынікае, што ён досыць малаверна ацэньваў перспектывы нашай краіны, аднак рэальнасць пераўзышла яго чаканні.
«З апорай на падмурак гістарычнай памяці ўмацавалі народнае адзінства ўнутры краіны. Сталі астраўком міру і духоўнасці ва ўмовах глабальнага крызісу, які ўзмацняецца», — развіў сваю думку ён.
Ігар Луцкі ў кароткім інтэрв'ю чатыры разы працытаваў і яшчэ адзін раз узгадаў Аляксандра Лукашэнку.
«Мы павінны запомніць: калі мы не возьмем галаву ў рукі, то ў гэтым вось цяперашнім перадзеле свету мы зноў апынёмся ў гэтым страшным палітыка-эканамічным замесе… Колькі б нас ні было — 10—12—20 мільёнаў, памерці павінны, але захаваць яе для сваіх дзяцей». Гэта той самы выпадак, калі лідар фармулюе і простымі словамі даносіць да свайго народа глыбокі сэнс гістарычнага моманту», — кажа Луцкі.
«Нягледзячы на ўсе выклікі 2022 года, жыццё ў краіне працягваецца ў звыклым для грамадзян рэчышчы. І гэта найвышэйшае дасягненне, якое стала магчымым у першую чаргу дзякуючы кіраўніку нашай дзяржавы Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку», — тлумачыць Луцкі.