Супрацоўнікаў Нацыянальнага мастацкага музея звольнілі за фотакартку салідарнасці 2020 года

Выданню Reform.by на аснове інфармацыі з розных крыніц ўдалося пацвердзіць, што на дадзены момант з музея дакладна звальняюць 11 чалавек. Звальненне яшчэ адной супрацоўніцы абмяркоўваецца.

26.12.2022 / 17:15

На дадзены момант Reform.by пацвердзілі звальненні:

загадчыцы рэдакцыйна-выдавецкага аддзела Святланы Шукан, загадчыцы выставачнага аддзела музея Яўгеніі Сабалеўскай, загадчыцы аддзела беларускага мастацтва ХХ-ХХІ стагоддзяў Кацярыны Ізафатавай, рэстаўратараў Святланы Дзікуць і Аляксандра Лагуновіч-Чарапко, галоўнага захавальніка Таццяны Мартуль, намесніка гендырэктара ў пытаннях рэстаўрацыі Сяргея Вечара. Іх заявы па пагадненні бакоў былі падпісаны 23 снежня.

Падставай для чыстак стала фатаграфія салідарнасці часткі калектыву музея, зробленая ў 2020 годзе. На ёй музейныя спецыялісты стаяць на прыступках Нацыянальнага мастацкага музея з плакатамі супраць гвалту і кветкамі.

17 снежня «выкрывальны» здымак быў размешчаны ў адным з прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў — а далей пайшла атака на супрацоўнікаў музея. У прыватнасці, сталі паліваць брудам кіраўніцу аддзела беларускага мастацтва ХХ-ХХІ стагоддзяў, мастацтвазнаўцу, куратарку Кацярыну Ізафатаву, «выкрыўшы» яе дачыненне да карупцыі. Потым прайшліся па намесніках дырэктара культурнай установы, дасведчаных спецыялістах — Святлане Анейка і Сяргею Вечару.

У выніку быў раздзьмуты вялікі скандал, пасля чаго з музея сталі звальняць людзей, выяўленых на здымку. «Карупцыя» супрацоўнікаў музея, па сцвярджэннях прапагандыстаў, — нібыта ў тым, што ў 2021 годзе музей купіў у мастака Уладзіміра Царыковіча, мужа мастацтвазнаўцы Кацярыны Ізафатавай, карціну «Крык» (2020). Хоць яе куплялі па ўсіх правілах і працэдурах.

Можна меркаваць, што колькасць звольненых можа вырасці, у папярэдніх паведамленнях пра гэта ўжо ішла гаворка пра 18 чалавек.

Чытайце таксама:

З Нацыянальнага мастацкага музея звольнілі адразу 18 чалавек

Nashaniva.com