Стала вядома, за што асудзілі Івана Мураўёва

26 снежня ў Мінскім гарадскім судзе быў агучаны вердыкт у дычыненні да прадпрымальніка, відэааператара-фрылансера Івана Мураўёва. Суддзя Алена Шылько прыгаварыла яго да 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Роўна столькі, колькі перад гэтым і запатрабавала прадстаўніца пракуратуры, піша БАЖ.

26.12.2022 / 15:22

Сярод іншага, суд пастанавіў пасведчанне сябра БАЖ Івана Мураўёва вярнуць у арганізацыю «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (тэхнічны механізм «вяртання» пры гэтым застаўся адкрытым). Наогул не выключана, што «членства» проста пераблыталі з праўладным Беларускім саюзам журналістаў.

Працэс над Іванам Мураўёвым пачаўся 22 снежня. Пасяджэнне адразу ж зрабілі закрытым — прадстаўніца абвінавачання аргументавала гэта тым, што будуць разглядацца «экстрэмісцкія матэрыялы», любы распаўсюд якіх супярэчыць абноўленаму заканадаўству.

Такім чынам, з перапынкам на абед суддзя Алена Шылько паспела не толькі цалкам вывучыць акалічнасці справы, а і правесці спрэчкі бакоў. Фактычна хапіла аднаго працоўнага дня, каб «разабрацца» ва ўсёй сітуацыі, засталося толькі прызначыць дату прысуду.

Агучванне канчатковага выраку 26 снежня заняло некалькі хвілін. Працаздольнасці суддзі, у актыве якой ужо цэлая калекцыя палітычных працэсаў, застаецца толькі пазайздросціць: літаральна перад гэтым яна паспела пакараць 11 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму экс-следчага Яўгена Юшкевіча — усё за той жа «экстрэмізм». Апальны сілавік аб’ектыўна «зацьміў» справу калегі-«экстрэміста», бо на рэзанансны прысуд сабраліся практычна ўсе топавыя прапагандысты.

Як удакладнілі службе маніторынгу БАЖ знаёмыя Івана Мураўёва, насамрэч хуткацечнасць працэсу ў пэўным сэнсе лагічная: справа фігуранта заняла ўсяго два тамы з адным «злачынным» эпізодам. Маюцца на ўвазе яго відэаздымкі для расследавання журналіста Стася Івашкевіча, якое выйшла на тэлеканале «Белсат». Сюжэт пад назвай «Сяброўка Ліліі Лукашэнка і алігархі сталі бенефіцыярамі справы артапедаў» з’явіўся сёлета ў ліпені.

А ўжо 29 жніўня ў «Кальянную №1» па Івана Мураўёва прыйшлі сілавікі з ордэрамі на ператрус — «па месцах працы і пражывання». Гэта значыць, да «спецаперацыі» рыхтаваліся загадзя, аж да вонкавага сачэння. Прынамсі, першапачаткова выстаўлены артыкул застаўся да самога прысуду — ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса («уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання ў мэтах учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні)».

Паводле назіральнікаў, справа Івана Мураўёва ідэнтычная той, якую не так даўно разглядаў Мінскі гарадскі суд у дачыненні да іншага відэаператара — Алеся Любенчука. На момант затрымання ён ужо не займаўся журналістыкай, але да таго ў якасці фрылансера супрацоўнічаў з «Белсатам». Толькі ў яго фігуравалі два эпізоды, таму і атрымаў пакаранне на паўгода большае — 3 гады зняволення. Зрэшты, сумна жартуюць родныя асуджаных, ва ўмовах прававога «люфту» яшчэ адносна «мяккі» прысуд, бо максімальная санкцыя прадугледжвае да 6 гадоў турмы. 

Праваабарончая супольнасць прызнала Івана Мураўёва палітычным вязнем.

Сам Іван Мураўёў раней прызнаваўся, што напісаннем тэкстаў, а таксама фота— і відэаздымкамі займаўся выключна для душы. «Кальянная №1», якой ён валодае, — культавае месца ў асяродку мінчукоў, таму медыйная сфера ў якасці заробку не разглядалася апрыёры. Аднак для «ўнутранага драйву» патрабавалася выйсце лішку энэргіі, якім стала менавіта журналісцкая праца.

Nashaniva.com