Ігар «Янкі», Андрэй «Несмяротны» і Радзівон «Гена» стварылі «Беларускі Добраахвотніцкі Корпус»
Вядомыя беларускія добраахвотнікі, якія ваююць ва Украіне супраць расійскіх войскаў, Ігар «Янкі» Янкоў, Андрэй «Несмяротны» Трацэўскі і Радзівон «Гена» Батулін абвясцілі аб стварэнні «Беларускага Добраахвотніцкага Корпуса», паведамляе Reform.by.
25.12.2022 / 15:46
Заяву аб стварэнні новага добраахвотніцкага фарміравання яны размясцілі на ютубе.
«Мэта — дэакупацыя Украіны і Беларусі з расійскага палону. Намеры — кожны дзень пацвярджаюцца знішчэннем ворага на фронце. Воінскія шэрагі кожны дзень растуць. Адданасць абранаму шляху кожнае імгненне бачаць нашы загінулыя браты. Беларусь перадусім!» — гаворыцца ў падводцы да відэа.
Ніякіх іншых падрабязнасцяў не прыводзіцца.
Раней лідары новага фарміравання ўваходзілі ў розныя добраахвотніцкія атрады. Так, «Янкі» называў сябе камандзірам беларускага падраздзялення ва ўкраінскім добраахвотніцкім батальёне «Братэрства», кулямётчыкам украінскай групы «Традыцыя і парадак», камандзірам інтэрнацыянальнага батальёна «Тытан».
Радзівона Батуліна да пачатку поўнамаштабнай вайны ведалі як аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў Сяргея «Боцмана» Кароткіх. Цяпер Радзівон вядомы як прадстаўнік батальёна «Тэрор». Гэта фарміраванне летам 2022 года пакінула полк Каліноўскага і дзейнічала як самастойная адзінка. Паведамлялася, што ў пачатку снежня ва Украіне была распачатая крымінальная справа за тое, што прадстаўнікі батальёна «Тэрор» збілі добраахвотніка палка Каліноўскага.