Арцыбіскуп Кандрусевіч на Божае Нараджэнне гаварыў пра Чырвоны касцёл і пра мір ва Украіне
У калядным наказе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прасіў аб справядлівым вырашэнні крызісаў і міры ва Украіне.
24.12.2022 / 19:32
«Божае Нараджэнне — гэта асаблівае свята, бо нагадвае нам аб тым, што Бог ёсць з намі ва ўсіх жыццёвых абставінах, нават калі мы перажываем страх, самотнасць або смутак. Таму мы не павінны губляць з поля зроку боскае святло, якое ажыўляе нашую надзею і нагадвае, што Бог таксама з’яўляецца як святло ў цемры і хоча ўвайсці ў нашыя справы і праблемы», — сказаў ганаровы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч у наказе перад святам Божага Нараджэння.
Кандрусевіч дадаў, што пасля свята ў свеце «не шмат зменіцца». «Застануцца маральныя, грамадска-палітычныя, эканамічныя, ідэалагічныя, фінансавыя, сямейныя і іншыя праблемы. На жаль, невядома, калі пачне дзейнічаць Чырвоны касцёл у Мінску, каб зноў стаць сучасным Віфлеемам і месцам сустрэчы чалавека з Богам. Не завершыцца ў адзіны момант напружанасць у свеце, у тым ліку ваенныя дзеянні, якія руйнуюць не толькі гаспадарку і інфраструктуру, але таксама маральна і псіхалагічна нішчаць чалавека», — сказаў ён.
Таксама ён нагадаў пра адказнасць вернікаў. «Нельга ісці на кампраміс з секулярным і грэшным светам. Мы павінны слухаць Бога, а не дагаджаць прамінальнаму свету».
Але «нягледзячы на ўсе паталогіі сучаснасці», людзі павінны «выйсці са свята Божага Нараджэння новымі, духоўна адроджанымі і ўмацаванымі праўдай Богаўвасаблення».
«Няхай Езус сваёй ласкай нараджаецца ў нашых сэрцах і праз нас у нашай Айчыне. Няхай прывядзе да справядлівага вырашэння ўсіх праблем і крызісаў у нашым асабістым жыцці і грамадстве. Няхай прынясе мір братняй Украіне і ўсяму свету», — адзначыў арцыбіскуп.