Мінабароны Украіны: У Беларусі тры батальёны адправілі да ўкраінскай мяжы. Расіяне ладзяць «каруселі», каб трымаць Украіну ў напружанні

Мотастралковы батальён і два танкавыя батальёны атрымалі заданне вылучыцца ў раёны, якія мяжуюць з Украінай. Пра гэта паведаміў камандуючы Абʼяднанымі сіламі УСУ генерал-лейтэнант Сяргей Наеў.

24.12.2022 / 16:58

Ілюстрацыйны здымак. Фота: БелТА

Наеў лічыць, што падчас візіту прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна ў Беларусь размова ішла аб прыцягненні Узброеных Сіл Беларусі да вайны супраць Украіны, у прыватнасці, на сушы.

У той жа час начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Кірыла Буданаў у інтэрвʼю The New York Times сказаў, што ніякія разведданыя не ўказваюць на непасрэдную пагрозу з боку Беларусі, піша «УП».

Паводле яго слоў, расійскія войскі не выстраены ў штурмавыя злучэнні. Навучальныя лагеры для расійскіх салдат запоўненыя нядаўна мабілізаванымі грамадзянскімі асобамі, якія пасля праходжання навучання адпраўляюцца ваяваць на Данбас на ўсходзе Украіны. У той жа час на навучальных палігонах не хапае бранятэхнікі ў спраўным стане для правядзення атакі.

Расійскія вайскоўцы спрабуюць падняць трывогу ва ўкраінскім войску, садзячы салдат на цягнікі, якія рухаюцца ў бок мяжы Беларусі з Украінай. Паводле яго, Савецкі Саюз выкарыстоўваў такую тактыку падчас Другой сусветнай вайны, адпраўляючы салдат у бескарысныя паездкі на цягніках для імітацыі нападу або адступлення.

У Беларусі адзін цягнік з расійскімі салдатамі нядаўна спыніўся ля мяжы з Украінай, а затым вярнуўся назад з усімі салдатамі, расказаў Буданаў, назваўшы такую тактыку імітацыі «каруселлю».

На гэты момант расійскія вайсковыя падраздзяленні не маюць груповак для нападу і сфармаваць іх за адзін дзень проста немагчыма, адзначыў Буданаў.

Nashaniva.com