Прапагандысты апалчыліся супраць белай сініцы
Сёння раніцай канал «МатолькаПамажы» звярнуў увагу на тое, што ў конкурсе на найлепшую марку ад «Белпошты» прымае ўдзел марка, створаная разам з «Аховай птушак Бацькаўшчыны», — на ёй намаляваная белая сініца.
23.12.2022 / 15:09
АПБ — прыродаахоўная арганізацыя, якую ліквідавалі ў 2021 годзе. Яе экс-дырэктар Віктар Фянчук атрымаў 2,5 года пазбаўлення волі.
Пакуль марку не заўважылі, яна займала сёмае месца ў рэйтынгу марак года, а цяпер упэўнена трымае першае (колькасць галасоў літаральна за пару гадзін вырасла з 86 да 1993 па стане на 15 гадзін 10 хвілін).
Гэтая навіна абурыла прапагандыстаў: яны ў сваіх тэлеграм-каналах сталі пісаць гнеўныя пасты пра тое, што «АПБ» — экстрэмісты і дзе гэта відана, каб «нядобранадзейныя» маркі ўдзельнічалі ў такіх конкурсах.
Дарэчы, прагаласаваць за «белую сініцу» можна па гэтай спасылцы. Толькі карыстацца варта часовым мэйлам.