Пракурор запрасіў для кіраўнікоў Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў пазбаўленне волі
У Мінскім гарадскім судзе 23 снежня працягваецца разгляд крымінальнай справы, заведзенай на актывістаў Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў — старшыню Аляксандра Ярашука, яго намесніка Сяргея Антусевіча і бухгалтарку Ірыну Бут-Гусаім, паведамляе «Вясна».
23.12.2022 / 14:19
Аляксандр Ярашук і Сяргей Антусевіч
Іх вінавацяць у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт 342), а Ярашука таксама ў закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361).
Судовы працэс вядзе суддзя Валянціна Зянкевіч.
Усе абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай з 19 красавіка 2022 года.
Сёння ў судовым пасяджэнні адбыліся спрэчкі бакоў. Абвінаваўца запрасіў суд пакараць Ірыну Бут-Гусаім пазбаўленнем волі тэрмінам на 1,5 года, Сяргея Антусевіча на 2 гады і Аляксандра Ярашука — на 4 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.