У Марыупалі зносяць драмтэатр, які быў разбураны расійскім авіяўдарам

Відэа зносу апублікаваў тэлеграм-канал «Марыупаль цяпер».

23.12.2022 / 10:30

Паводле інфармацыі дарадцы законнага мэра горада Пятра Андрушчанкі, дэмантуюць заднюю і цэнтральную частку тэатра, аднак франтальную пакінуць цэлай як «аснову рэканструкцыі». 

«Гэта значыць, дэмантуюцца толькі тыя часткі будынка, якія даказваюць бамбардзіроўку, а не выдуманы прапагандай падрыў знутры», — заявіў ён.

Драматычны тэатр Марыупаля, дзе мірныя жыхары хаваліся ад абстрэлаў, быў атакаваны 16 сакавіка. Гарадская рада тады заявіла, што ў выніку выбуху загінулі амаль 300 мірных жыхароў. Агенцтва Associated Press, абапіраючыся на ўласныя разлікі, паведаміла, што колькасць загінулых магла дасягнуць 600 чалавек.

Nashaniva.com