Ужываеце на кухні алюмініевую фольгу? Праверце, ці правільна гэта робіце

Алюмініевая фольга шырока выкарыстоўваецца ў кухонных справах. Напрыклад, у яе часта закручваюць мяса падчас запякання ў духоўцы, каб зрабіць яго больш сакавітым. Але не ўсе ведаюць, які бок фольгі лепш для гэтага выкарыстоўваць.

20.12.2022 / 21:35

Фота: pixabay.com

Кухонная фольга выкарыстоўваецца настолькі шырока, што некаторыя не ўяўляюць свайго жыцця без яе. Першапачаткова фольгу ўжывалі, каб запакоўваць цукеркі і шакалад. Але ў 1960-я гады фольгу пачалі выкарыстоўваць на кухнях, расказвае aniaradzi.pl.

Алюмініевая фольга непранікальная для паветра, святла і вады, таму яна ідэальна падыходзіць для запакоўвання прадуктаў, калі вы хочаце захаваць іх свежымі на як мага даўжэйшы час. Ежа, закручаная ў фольгу, даўжэй захоўвае смак і пах і не перадае гэты пах іншым прадуктам. Таксама алюмініевая фольга прыдатная для запякання ў духоўцы, бо мяса і рыба, загорнутыя ў фольгу, не перасыхаюць — і страва атрымліваецца сакавітай і мяккай.

Але падчас выкарыстання фольгі трэба памятаць пра меры перасцярогі, каб хімічныя рэчывы ў ёй не актывізаваліся. Алюмініевую фольгу нельга выкарыстоўваць у мікрахвалёўцы, таксама раяць не накрываць ёй металічныя міскі і талеркі.

Фольга мае два бакі — бліскучы і матавы, і гэтае адрозненне мае значэнне. Бліскучы бок фольгі не прапускае цяпло (адбівае яго), а матавы — прапускае (паглынае).

Бліскучы бок фольгі спрыяе захаванню тэмпературы, таму, калі вы закручваеце мяса ці птушку для запякання ў духоўцы, закручвайце іх у фольгу бліскучым бокам усярэдзіну. Таксама так варта запакоўваць ежу, якая не павінна хутка астыць, напрыклад, перад падачай стравы гасцям.

Матавы бок фольгі выкарыстоўваецца, калі мы хочам, каб прадукты як мага даўжэй заставаліся свежымі. Мяса ці бутэрброды, што захоўваюцца ў халадзільніку, павінны быць запакаваныя так, каб матавы бок фольгі быў усярэдзіне, а бліскучы — звонку.

Калі вы бераце з сабой бутэрброды ў спякотны дзень, таксама завярніце іх так, каб матавы бок фольгі быў унутры. Дзякуючы гэтаму ежа не нагрэецца і не сапсуецца, бо бліскучы бок фольгі будзе адбіваць цяпло.

Як выкарыстоўваць фольгу падчас запякання ежы ў духоўцы? Змажце бліскучы бок тлушчам і потым загарніце ў яе мяса, рыбу ці бульбу, якія збіраецеся запякаць, то-бок бліскучы бок фольгі будзе ўнутры. Гэта дазволіць страве згатавацца хутчэй. Для запякання ў фользе лепш выкарыстоўваць мяса без вялікай колькасці тлушчу, а гародніну варта запякаць цалкам ці вялікімі кавалкамі з лупінамі.

Чытайце таксама:

Алюмініевая фольга шкодзіць здароўю. Вось у якіх выпадках

Загортванне ног у фольгу: на першы погляд, абсурд, але часам дапамагае

Гэтыя прадукты нельга падаграваць у мікрахвалевай печы. Гэта проста небяспечна

Nashaniva.com