Жыхара Пінска за абразу прадстаўніка ўлады асудзілі да «хатняй хіміі» другі раз
У судзе Пінскага раёна і Пінска за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) быў асуджаны мясцовы 35-гадовы жыхар Дзяніс Стасевіч. Гэта другі прысуд, які вынеслі па гэтым артыкуле Дзянісу. Справу разглядала суддзя Яўгенія Мельнік, паведамляюць праваабаронцы.
20.12.2022 / 10:48
Камандуючы сіламі спецаперацый Вадзім Дзенісенка
Першы прысуд Стасевічу быў вынесены за абразу супрацоўніка ДАІ Ігара Вольніча. За каментар у «Аднакласніках», які ён пакінуў у дачыненні да супрацоўніка ДАІ, які наступіў затрыманаму чалавеку каленам на галаву, суд прысудзіў мужчыне два гады «хатняй хіміі» і 1 000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
Па матэрыялах новага абвінавачання, Дзяніс абразіў камандуючага сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Вадзіма Дзенісенку — ён пакінуў каментар, «які змяшчае негатыўную і зневажальную па форме ацэнку асобы».
З улікам неадбытага пакарання суд пастанавіў прызначыць Дзянісу тры гады «хатняй хіміі».