Маск запусціў апытанне пра тое, ці сысці яму з пасады кіраўніка Twitter
Бізнэсовец Ілан Маск запусціў у сваім акаўнце ў Twitter апытанне для карыстальнікаў пра тое, ці варта яму сысці з пасады кіраўніка кампаніі, піша РБК.
19.12.2022 / 08:17
Фота: AP
«Ці павінен я сысці з пасады кіраўніка Twitter? Я буду прытрымлівацца вынікаў гэтага апытання», — напісаў ён. Па стане на 8 раніцы адказалі ўжо больш 11 мільёнаў карыстальнікаў. Амаль 56 працэнтаў за сыход.
Маск стаў уладальнікам Twitter 27 кастрычніка, купля абышлася яму ў $44 млрд. Прадпрымальнік распусціў ранейшую раду дырэктараў і вырашыў узначаліць кампанію асабіста. Пасля гэтага ў ёй звольнілі палову супрацоўнікаў.
Супрацоўнікам, якія засталіся, забаранілі дыстанцыйную працу, а ў офісах кампаніі ў Сан-Францыска ўсталявалі ложкі для тых, хто застаецца на працы на ноч.
На новай пасадзе Маск прыступіў да зменаў у Twitter. Напрыклад, ён прапанаваў зрабіць платнай верыфікацыю акаўнтаў — за $8 у месяц у дэсктопнай версіі і $11 — для карыстальнікаў iOS. У далейшым, як паказвалі ў кампаніі, плануецца пазначаць бізнэс-акаўнты залатой птушкай, а ўрадавыя і шматпрофільныя старонкі — шэрай. Раней Twitter даваў блакітную галачку бясплатна. На фоне новаўвядзенняў супрацоўніцтва з кампаніяй прыпынілі буйныя рэкламадаўцы.