У школах запускаюць эксперымент па харчаванні
З 19 снежня 21 беларуская школа далучыцца да пілотнага праекта Міністэрства адукацыі. У прэс-службе ўрада паведамілі, што з яго дапамогай плануюць вывучыць смакавыя перавагі школьнікаў і ўдасканаліць арганізацыю іх харчавання. Ужо падпісаная адпаведная пастанова ўрада.
16.12.2022 / 17:44
Для эксперыменту выбралі па тры школы ў кожнай вобласці плюс тры ў Мінску.
Першы раз школьнікі наведаюць сталовую прыкладна праз 3,5 гадзіны пасля пачатку заняткаў — гэта пазней, чым было раней. Прытым на сталах у іх будзе не сняданак, а абед, бо вучні, маўляў, прыходзяць у школу, ужо паснедаўшы дома, і ў выніку прыгатаваныя школьнымі кухарамі стравы застаюцца недаедзенымі.
Колькасць паходаў у сталовую будзе залежаць ад часу знаходжання ў школе. Калі яно ад 3,5 да 6 гадзін, то дастаткова аднаразовага харчавання, ад 6 да 10 гадзін — двухразовага, а больш за 10 гадзін ужо прадугледжвае трохразовае харчаванне.
У вясковых школах эксперыментаваць не будуць, усё застанецца, як і раней.
Ва ўрадзе таксама падкрэслілі, што прадугледжана распрацоўка дзённага меню, а на яго аснове з'явіцца і прыкладнае двухтыднёвае з улікам смакавых пераваг па выніках анкетавання бацькоў і школьнікаў.
Праект плануюць завяршыць 30 красавіка, пасля чаго прааналізуюць яго вынікі.
Раней праблема школьнага харчавання падымалася на самым высокім узроўні: сам прэм'ер Раман Галоўчанка казаў, што вучням прапануюцца «заведама нясмачныя, аднастайныя, неэстэтычна аформленыя стравы» і з гэтым трэба штосьці рабіць.