Вярнулася ў Беларусь, паверыўшы абяцанням сілавікоў — цяпер яе будуць судзіць па 12 крымінальных артыкулах

49-гадовая Таццяна Курыліна — адміністратарка пратэсных чатаў. Яна доўгі час знаходзілася за мяжой, але ў лютым аказалася, што вярнулася ў Беларусь. Верагодна, па праграме сілавікоў «Дарога дадому» — там спецслужбы заклікаюць тых, хто з'ехаў за мяжу, прызнаць памылкі і вяртацца. Для Курылінай гэта скончылася крымінальнай справай па 12 артыкулах, піша «Вясна».

19.12.2022 / 10:01

Яе справу пачнуць разглядаць у Гомельскім абласным судзе 28 снежня — у закрытым рэжыме.

Справу будзе разглядаць суддзя Мікалай Доля.

У чым абвінавачваюць Курыліну?

Таццяну Курыліну абвінавачваюць па цэлым шэрагу крымінальных артыкулаў. Жанчыне можа пагражаць да 15 гадоў зняволення:

Што паведамляе пра справу пракуратура?

Па матэрыялах следства, Таццяна Курыліна з 20 жніўня 2020 года па 20 лютага 2022 года праз Telegram-рэсурсы заклікала ўдзельнікаў чатаў да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да прадстаўнікоў улады і сілавых структур.

Яна ж без згоды пацярпелых, якімі прызнаныя ў тым ліку пракурорскія работнікі і суддзі, неправамерна збірала, сістэматызавала і распаўсюджвала звесткі аб іх прыватным жыцці, чым прычыніла істотную шкоду іх правам і законным інтарэсам. У такіх паведамленнях змяшчалася загадзя лжывая інфармацыя.

«Пачынаючы з 20 верасня 2020 года, Курыліна на працягу паўтара года размяшчала ў Telegram-каналах публікацыі, у якіх заклікала да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на тэрыторыі Беларусі, аказання актыўнага супраціву супрацоўнікам праваахоўных органаў, перакрыцця дарог, пашкоджання маёмасці арганізацый і прадпрыемстваў, ухілення ад выплаты падаткаў», — паведамляе пракуратура.

У тэкставых паведамленнях абвінавачанай у Telegram-чатах таксама ўтрымліваліся абразы з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі, пагрозы гвалтам у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, паклёп, спалучаны з яго абвінавачваннем у цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах.

Таццяну Курыліну «развялі» беларускія спецслужбы, пацярпеў «Рабочы рух»

Як паведамлялася ў СМІ, Таццяна Курыліна доўгі час знаходзілася за мяжой. У студзені 2022 года беларускія сілавікі ўзламалі шэраг чатаў «97%». А ў лютым Курыліна «ўсплыла» на беларускім тэлебачанні ў праграме прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай. Аказалася, што Курыліна ўжо знаходзіцца ў Беларусі. 

На тэлебачанні, стомленая, яна казала, што чаты не маюць сэнсу, але кантралююцца польскімі спецслужбамі, заяўляла пра шчыльныя кантакты з «Байполам», расказвала пра нюансы сваёй працы.

Па інфармацыі «Байпола», Таццяну Курыліну «развялі» беларускія спецслужбы. «Гэтую жанчыну спакусіў малады чалавек і папрасіў вярнуцца да яго ў Беларусь, абяцаў вырашыць усе пытанні. Яна вярнулася, але гэта аказалася спецаперацыяй КДБ. І жанчына стала «ўсіх зліваць», — кажа прадстаўнік «Байпола». 

Nashaniva.com