Стала вядома, ад чаго памёр прапагандыст Мікалай Шчокін

У вячэрняй праграме «Панарама» на тэлеканале «Беларусь 1» паказалі сюжэт, прысвечаны пахаванню нядаўна нечакана памерлага прапагандыста 49-гадовага Мікалая Шчокіна. Ягоная блізкая знаёмая ў эфіры сказала, што прычынай смерці стаў адарваны тромб.

14.12.2022 / 22:31

Тут і далей — скрыншоты з відэа

На пахаванні, паводле сцвярджэння прапагандыстаў БТ, было «мора людзей і мора кветак». Камеры, праўда, асаблівых чэргаў не зафіксавалі. Не былі заўважаныя ў кадрах і дзейныя высокія чыноўнікі. За выключэннем лукашэнкаўскай прэс-сакратаркі Наталлі Эйсмант, якая прынесла вянок ад свайго начальніка і перадала падзяку за верную службу, асабліва цягам апошніх двух гадоў.

Акрамя Наталлі Эйсмант, прысутнічалі і гаварылі высокія словы пра вартасці нябожчыка кіраўнікі дзяржаўных каналаў Іван Эйсмант і Марат Маркаў, а таксама адыёзны прапагандыст з СТБ Рыгор Азаронак. З іншых вядомых асоб былі заўважаныя колішняя міністарка працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна і кіраўніца лукашэнкаўскага Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская.

З выказванняў сяброў, знаёмых і калег Шчокіна, якія сярод іншага казалі і пра «вельмі высокую маральную планку» нябожчыка і канстатавалі, што «прагнозы ягоныя збыліся», можна зразумець, што доктарскую навуковую ступень, пра якую, як сцвярджаецца, прапагандыст вельмі марыў, яму зацвердзяць пасмяротна. 

Пахавалі Шчокіна на Чыжоўскіх могілках. 

Будзьце асцярожныя ў каментарах у сацыяльных сетках пра гэтага чалавека. Нагадаем, што лукашэнкаўцы масава арыштоўваюць за каментары.

Чытайце таксама:

«Масква, Кіеў, Мінск — гэта тры братэрскія сястры». Пра што казаў у сваіх выступленнях прапагандыст Шчокін

Памёр прапагандыст Мікалай Шчокін

Nashaniva.com