Як махляры падманваюць беларусаў. Сабралі найбольш папулярныя метады
Навіны аб тым, як махляры падманваюць беларусаў, здымаючы грошы з іх банкаўскіх картак, з'яўляюцца ледзь не штодня. Напрыклад, днямі ашуканцы, выдаўшы сябе за міліцыянтаў і банкіраў, выманілі ў мінчанкі больш за 326 тысяч рублёў. «Наша Ніва» сабрала найбольш папулярныя метады падману.
16.12.2022 / 09:14
Пакупкі з дастаўкай
Адзін з найбольш папулярных метадаў махлярства адбываецца праз «куплю» тавараў на Куфры, Анлайнеры ды іншых сайтах для размяшчэння аб'яў. Галоўная мэта такіх «пакупнікоў» — завалодаць данымі банкаўскай карткі прадаўца. Каб іх атрымаць, яны прапануюць набыць тавар праз сэрвіс «Куфар дастаўка» (або з дапамогай «Еўрапошты», калі на іншым сайце).
Такіх махляроў аб'ядноўвае той факт, што яны шукаюць сваіх ахвяр праз месенджары тэлеграм, вайбер, вотсап, прычым робяць гэта выключна пісьмова. Звычайна паведамленні прыходзяць у лічаныя хвіліны пасля публікацыі аб'явы. Махляры ўдакладняюць, ці дасяжны тавар для куплі, дадаткова задаюць адно ці два стандартныя пытанні пра стан рэчы. Пасля хутка пагаджаюцца на куплю і прапануюць аформіць дастаўку.
Такія «пакупнікі» аператыўна «пераводзяць» грошы за тавар, а ў падцвярджэнне разліку дасылаюць скрын. Далей яны адпраўляюць спасылку на сайт, дзе прадаўцу неабходна ўвесці даныя сваёй банкаўскай карткі, у тым ліку CVV-код. Сайты, на якія яны даюць спасылкі, знешне нагадваюць сайты «Куфра» або «Еўрапошты», але гэта пастка. Пасля таго, як чалавек запоўніць на ім інфармацыю, даныя ягонай банкаўскай карткі патрапяць да махляроў.
Каб выклікаць менш падазрэнняў, яны ўсталёўваць на аватарцы фота з выявай рэальнага чалавека і прапісваюць імя і прозвішча.
Так, напрыклад, махляры выкарыстоўваюць для імя «Таццяна Асіпоўская». Відаць, што ў першай палове года нумар, зарэгістраваны ў Viber, меў эстонскі код, а ўжо летам карыстальнік з тым жа здымкам і ініцыяламі дасылаў паведамленні ў Viber з расійскага нумара. Мяркуючы па знойдзенай інфармацыі, махляры выкарыстоўваюць гэтае імя як мінімум з верасня 2021 года. Яны пісалі таксама з латвійскага нумара.
Тым не менш, вядомы шэраг выпадкаў, калі махляры маюць нумар, зарэгістраваны ў Беларусі.
Выдаюць сабе за супрацоўнікаў банка і міліцыі
Іншы даволі папулярны метад — званкі ў месенджары пад выглядам супрацоўнікаў банка. Махляры, якія называюцца банкаўскімі работнікамі, звычайна кажуць пра тое, што з рахунку кліента ажыццяўляюцца падазроныя аперацыі. Каб прадухіліць знікненне грошай з рахунку, ілжэбанкіры просяць ахвяру прадыктаваць даныя карткі.
Часам ілжэбанкіры працуюць у пары з фэйкавымі міліцыянтамі, на якіх «пераключаюць» ахвяру падчас размовы.
З часам махляры прыдумваюць усё новыя схемы для атрымання звестак. Вядомыя выпадкі, калі «супрацоўнікі банка» не запытваюць даныя карткі наўпрост, а просяць даверлівых грамадзян усталяваць аплікацыю на свой тэлефон. Гаворка ідзе пра дадатак, які дае аддалены доступ да тэлефона з любога камп'ютара. Часцей за ўсё гэта AnyDesk.
Пасля ўсталявання дадатка, зламыснік бачыць усе дзеянні на захопленым тэлефоне. Калі чалавек скарыстаецца інтэрнэт-банкінгам, увядзе пароль і атрымае смс-код, усе гэтыя даныя ўбачыць і махляр. У выніку ён атрымае поўны доступ да рахунку ахвяры.
Цікава, што тэлефонныя махляры не толькі намагаюцца завалодаць грашыма, якія ёсць на рахунку ахвяры, але і вымушаюць чалавека аформіць на сваё імя крэдыт.
У такіх выпадках махляры называюцца супрацоўнікамі міліцыі і паведамляюць ахвяры, што ад яе імя ў розныя банкі былі накіраваныя заяўкі на атрыманне крэдытаў. Пасля «міліцыянт» пераключае суразмоўцу на «супрацоўніка» банка.
Ілжэбанкір кажа, што ў адным з банкаў спрабуюць аформіць крэдыт на імя суразмоўцы. Для прадухілення яго афармлення чалавек мусіць самастойна прыехаць у банк і аформіць крэдытны дагавор. Пасля афармлення крэдыту махляры раяць перавесці грошы на рахунак, які яны дасылаюць. Па іх словах, рабіць гэта патрэбна для таго, каб грошы не зніклі.
Задаткі за неіснуючыя аўтамабілі
Іншы даволі распаўсюджаны від махлярства — выманьванне задаткаў ці перадаплаты за неіснуючыя тавары.
Такія махляры размяшчаюць аб'явы аб продажы тавараў па заніжаным кошце. Нярэдка такім чынам прадаюць аўтамабілі. Сутнасць схемы заключаецца ў тым, каб выманіць як мага болей грошай у выглядзе задатку. Ілжэпрадавец заяўляе, што прадае машыну па заніжаным кошце, бо яму тэрмінова спатрэбіліся грошы. Пасля ён кажа, што жадаючых набыць аўтамабіль па прывабным кошце шмат, таму трэба адправіць задатак.
У адным з такіх выпадкаў аўтааматар паспеў перавесці махлярам 5 тысяч рублёў за неіснуючы аўтамабіль. Заўважана, што «прадавец» кантактаваў не праз месенджар, а па звычайным тэлефоне, нумар якога, як высветлілася пазней, працаваў у роўмінгу. Банкаўскі рахунак «прадаўца» таксама быў зарэгістраваны за мяжой.
30% перадаплаты для 40% эканоміі
Таксама вядома пра выпадкі, калі махляры бяруць перадаплату ў памеры 30% ад кошту аўтамабіля, які яны абяцаюць прывезці з Еўропы на замову. Натуральна, што ніякія аўто на 40% ніжэй за рынкавы кошт жадаючыя сэканоміць не атрымліваюць.
Адпачынак у неіснуючым доме
Апроч неіснуючых тавараў, махляры «аказваюць» паслугі за выкананне якіх патрабуюць пералічыць перадаплату. Так, напрыклад, вынаходлівыя ашуканцы здавалі ў арэнду дом на дрэве для адпачынку. Для броні яны патрабавалі перавесці 50% ад кошту арэнды. Падрабязней пра адзін з такіх выпадкаў «Наша Ніва» пісала раней.
Па інфармацыі МУС, цягам 11 месяцаў бягучага года толькі тэлефонныя махляры выманілі ў беларусаў больш за 4,5 мільёна даляраў. І гэта далёка не поўныя лічбы, паколькі не кожны, хто сутыкнуўся з ашуканствам, звярнуўся ў міліцыю.