Лех Валэнса: Калі раней не было інтэрнэту, то выпіхванне з краіны мела сэнс. А цяпер можна з любога месца змагацца

Былы лідар польскай «Салідарнасці», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Лех Валэнса напярэдадні ўручэння сёлетніх Нобелеўскіх прэмій даў інтэрв'ю «Радыё Рацыя», у якім сярод іншага сказаў, як ацэньвае перспектывы беларускага змагання і як ставіцца да беларускага нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага.

06.12.2022 / 18:12

Лех Валэнса ў Любліне ў 2017 годзе. Фота: Jakub Orzechowski / Agencja Gazeta

Колішні сімвал польскага супраціву не лічыць, што дарэчна сёння праводзіць непасрэдныя паралелі і пераймаць польскі досвед бескрытычна і цалкам:

— Вы, Беларусь, знаходзіцеся крыху ў іншай сітуацыі. Трэба разумець, што кожны час мае свае шанцы і свае перашкоды. І калі гэта не разумець, то і не будзе поспеху.

Трэба разумець магчымасці кожнай краіны. У кожнай краіны свае магчымасці. Таму трэба крыху інакш змагацца, а не выкарыстоўваць тыя ж самыя, ранейшыя, метады. Не ўсюды можна аднолькава змагацца.

— Я прачытала, што Ваша жонка прысутнічала замест Вас на цырымоніі ў Осла пры ўручэнні Нобелеўскай прэміі, бо Вам, верагодна, не дазволілі б вярнуцца назад у Польшчу. Ці было гэта правільна? Ці варта было самому ехаць, каб атрымаць прэмію? Задаю гэтае пытанне, бо мы назіраем, як рэжым Лукашэнкі намагаецца выштурхнуць усіх нязгодных за межы краіны. 

— Калісьці, калі не было інтэрнэту, свет быў моцна падзелены, то тады выпіхванне з краіны мела сэнс. Сёння можна з любога месца змагацца. Толькі трэба выкарыстоўваць тыя сілы і сродкі, якія ёсць у наяўнасці.

— Як Вы ацэньваеце фігуру Алеся Бяляцкага? І якое значэнне мае гэты «Нобель» для Беларусі?

— Ведаю яго і хацеў бы дапамагчы, але трэба разумець сітуацыю. Я атрымаў узнагароду за тое, што добра змагаўся, але тады змаганне яшчэ не было завершана. Узнагарода мяне павінна была падтрымаць у далейшым змаганні. Узнагарода адыграла вялікую ролю. І ў вас такая ж сітуацыя. Трэба адзначаць добрае змаганне і падтрымаць для далейшага.

Чытайце таксама:

Валэнса — беларусам: Дамагацца хлеба трэба праз барацьбу за свабоду, а не наадварот

Адам Міхнік беларусам: Успомніце гісторыю з Леніным у Швейцарыі: ваша рэвалюцыя прыйдзе!

Nashaniva.com