Беспілотнік атакаваў авіябазу ў глыбіні Расіі. Пашкоджаныя стратэгічныя бамбавікі

Два самалёты Ту-95 пашкоджаныя ў выніку атакі дрона на авіябазе ў Саратаўскай вобласці. Па звестках крыніц тэлеграм-канала ASTRA, атака адбылася сёння раніцай, 5 снежня. Адначасова адбыўся магутны выбух на аэрадроме ў Разані.

05.12.2022 / 09:59

Выбух у Энгельсе. Скрыншот з відэа

Неўстаноўлены беспілотнік атакаваў узлётную паласу на авіябазе «Энгельс-1». У выніку пашкоджанні атрымалі як мінімум два бамбардзіроўшчыкі-ракетаносцы Ту-95. Двое вайскоўцаў атрымалі раненні, яны шпіталізаваны.

Днямі ўкраінскія СМІ паведамлялі пра вылеты ва Украіну самалётаў Ту-95 менавіта з аэрадрома ў Энгельсе.

Адначасова на аэрадроме пад Разанню выбухнуў бензавоз. Быў пашкоджаны як мінімум адзін самалёт. Паводле афіцыйных звестак, загінулі тры чалавекі, яшчэ шэсць пацярпелі. 

Nashaniva.com